Дзярждэп: мы вядзем дыскусію з МЗС Беларусі, каб гарантаваць працу амбасады
У інтэрнэце з'явіліся паведамленні пра магчымае закрыццё амбасады ЗША ў Мінску з 21 лютага.
У сваю чаргу крыніцы радыёстанцыі, абвешчанай экстрэмісцкай, паведамілі, што МЗС Беларусі патрабуе ад амбасады ЗША звольніць супрацоўнікаў, якія маюць беларускае грамадзянства. Пры гэтым раней ужо была рэзка скарочаная колькасьць амерыканскіх дыпламатаў у Мінску. Без супрацоўнікаў з беларускім грамадзянствам амбасада фактычна не зможа функцыянаваць, што можа прывесці да яе закрыцця.
У каментары Дзярждэпартамента ЗША журналістам з гэтай нагоды гаворыцца, што пытанне абмяркоўваецца: "Пасольства ЗША ў Мінску застаецца адкрытым і выконвае дыпламатычныя і консульскія функцыі ў падтрымку амерыканскіх грамадзян. Ад чэрвеня 2021 года беларускія ўлады неаднаразова дзейнічалі, каб пагоршыць кадравы склад пасольства ЗША ў Мінску і абцяжарыць ажыццяўленне яго працы. Мы ўдзельнічаем у дыскусіях з беларускім Міністэрствам замежных спраў, каб гарантаваць працяг бяспечнай працы пасольства ЗША ў Мінску".
Джулі Фішэр, якая была прызначаная амбасадаркай ЗША ў Беларусі, працуе з Вільні, бо ў Беларусь яе ў 2021 годзе не ўпусцілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.