Дзяўчына, якую затрымалі за лампадку ў Віцебску 26 красавіка, не выйшла на волю
Дзяўчат у Віцебску асудзілі за запаленыя свечкі ў дзень аварыі на ЧАЭС / Еўрарадыё, фота мае ілюстрацыйны характар
Лізавета Кірыенка з Віцебска застаецца пад вартай, хоць учора ўвечары скончыўся тэрмін пакарання, якое ёй прызначыў суд, паведамляюць віцебскія праваабаронцы.
Кірыенка разам з сяброўкай Марыяй Амасовіч затрымалі 26 красавіка. Дзяўчаты запалілі на прыступках храма дзве чырвоныя лампадкі ў памяць аб ахвярах аварыі на ЧАЭС. Суд палічыў, што яны зладзілі несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Лізавеце Кірыенка 23 гады, і яна працуе выхавальніцай у дзіцячым садзе.
6 траўня яна павінна была выйсці на волю. Але не выйшла. Маці Лізаветы ў ІЧУ паведамілі, што дзяўчына застаецца ў ізалятары яшчэ на трое сутак. Прычына такога рашэння невядомая.
Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў гаворыць пра два магчымыя варыянты. Альбо на дзяўчыну склалі яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол, альбо яе затрымала ў рамках нейкай крымінальнай справы.
Пасля затрымання 26 красавіка ў кватэры ў Лізаветы прайшоў ператрус. Другую дзяўчыну, Марыю Амасовіч, "за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі" арыштавалі на 20 сутак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.