Экс-хакер, затрыманы ў Расіі: за амерыканскі эпізод я адседзеў у Беларусі

Экс-хакер, затрыманы ў Расіі: за амерыканскі эпізод я адседзеў у Беларусі

Беларускага экс-хакера Сяргея Паўловіча, затрыманага ў Расіі, выпусцілі праз некалькі гадзін пасля затрымання. Пра гэта ён сам расказаў у каментары dev.by.

Мужчына расказаў, што яго затрымлівалі два супрацоўнікі крымінальнага вышуку — падпалкоўнік і маёр. У пастарунку пратрымалі некалькі гадзін, памочнік пракурора апытаў Паўловіча. Потым яго адпусцілі. "Не маглі не адпусціць: у Расіі і ЗША няма дамовы аб выдачы злачынцаў", — тлумачыць экс-хакер.

Як распавядала Еўрарадыё, Паўловіча затрымалі паводле запыту Інтэрпола: у вышук ён абвешчаны Злучанымі Штатамі. 

Сам былы хакер кажа, што гэты запыт звязаны з крымінальнай справай, па якой ён быў асуджаны ў Беларусі на 10 гадоў за крадзеж з чужых картак 36 мільёнаў долараў — і адбыў пакаранне. 

"Я пачаў тлумачыць ім, што за амерыканскі эпізод я ўжо адседзеў у Беларусі — месяц таму я наняў адваката ў Амерыцы. І цяпер мае беларускія прысуды перакладаюцца на ангельскую і мы перасылаем іх амерыканскай пракуратуры, каб яны закрылі справу.

Такое [вышук і затрыманне па старых эпізодах нягледзячы на адбытае пакаранне] магчыма, таму што ёсць вялікі прабел у міжнародным праве, і ЗША не прызнае "адседкі", якія былі не ў ЗША. Часам прызнае "адседкі" ў Англіі", — кажа Паўловіч.

Апошнімі гадамі ён займаецца бізнесам. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі