Экс-кіраўніка Службы аховы прэзідэнта ў Вярхоўны суд не прывезлі
12 лютага ў Вярхоўным судзе Беларусі адбылося папярэдняе судовае пасяджэнне па так званай карупцыйнай "справе Уцюрына", па якой праходзіць 16 чалавек. Іх вінавацяць у атрыманні і дачы хабару пры пастаўках у нашу краіну тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп'ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння. Самы вядомы фігурант гучнай справы — былы кіраўнік Службы аховы прэзідэнта і экс-намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэй Уцюрын. Яго затрымалі вясной 2019-га. Уцюрына вінавацяць у атрыманні хабару і падбухторванні да дачы хабару. У сераду яго ў суд не прывезлі.
Як паведамляе БЕЛТА, у судзе прысутнічалі 5 абвінавачаных, якія заключылі дасудовыя пагадненні. Гэта — гендырэктар "Белтэлекама" Сяргей Сівадзедаў, кіраўнік міжбанкаўскага разліковага цэнтра Фелікс Каспяровіч, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Нацбанка Андрэй Падгорны, прадстаўнік АМТ-Груп Інтэрнэшнл Міхаіл Прыгара, грамадзянін Расіі, прадстаўнік кампаній УГМК-Тэлекам і "Смартлабс" Уладзімір Казанцаў.
Вядома, што Каспяровіча абвінавачваюць у атрыманні разам з Падгорным хабараў на суму больш за 868 тысяч долараў, а Сівадзедава — 470 тысяч долараў і 15 тысяч еўра. Па версіі следства, Прыгара перадаваў 285 тысяч долараў, а Казанцаў — не менш за 190 тысяч долараў.
Адзін з адвакатаў хадайнічае, каб працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Суд прыме рашэнне па гэтым пытанні пазней.
У хабарнікаў агулам забралі больш за 1 млн. 650 тысяч долараў, 62 тысячы еўра і больш за 1 кг золата.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.