Экс-намеснік генпракурора Архіпаў пасля звальнення з калгасу знайшоў новую працу
Памілаваны Лукашэнкам экс-намеснік генпракурора Аляксандр Архіпаў знайшоў новую працу, піша tut.by. Пасля памілавання ён больш за два гады кіраваў калгасам "Пятровічы", а 1 чэрвеня звольніўся.
Нядаўна Архіпаў стаў першым намеснікам генеральнага дырэктара кампаніі "Беласептыка". У каментары tut.by ён удакладніў, што працуе на гэтай пасадзе нядаўна.
"Беласептыка" вырабляе спектр прафесійныя антысептыкі, дэзінфіцыйныя, мыйныя і чысцільныя сродкі — для арганізацый аховы здароўя, адукацыі, прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, камунальнай сферы, сельскай гаспадаркі і інш.
Нагадаем, крымінальную справу на Архіпава пачалі, калі ён як намеснік генпракурора дапамог замяць іншую крымінальную справу. П'яны сын бізнэсоўца без правоў ехаў на матацыкле, не справіўся з кіраваннем, і ў ДТЗ загінула 24-гадовая дзяўчына. Суд над Архіпавым быў закрыты, пра справу стала вядома са словаў кіраўніка дзяржавы.
Ваенная калегія Вярхоўнага суда прызнала Архіпава вінаватым у атрыманні хабару і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Яму прысудзілі шэсць гадоў пазбаўлення волі. Аднак праз паўтара года Архіпаў выйшаў на волю, бо яго памілаваў Аляксандр Лукашэнка.