Экс-палітвязень уклаў 100 тысяч долараў у стартап для выратавання планеты
Аляксей Караткоў
100 тысяч долараў у стартап PineOx для выратавання Зямлі ад глабальнага пацяплення ўклаў беларускі экс-палітвязень Аляксей Караткоў, піша devby.io.
Праграма, у якую інвеставаў беларус, вучыць карыстальнікаў скарачаць вугляродны след. Удзельнікі выконваюць пэўныя заданні, а за гэта каманда PineOx саджае рэальныя дрэвы. Як кажа Караткоў, за вясну-восень 2023 года яны высадзілі амаль тысячу саджанцаў у Літве, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Нідэрландах, ЗША і Францыі.
У праграме ёсць калькулятар CO2, які падлічвае ўнёсак карыстальніка ў дапамогу планеце.
Па словах Караткова, глабальная мэта каманды палягае ў тым, каб штогод у свеце высаджвалі столькі ж дрэваў, колькі высякаюць. "То бок, калі цяпер высаджваецца 7-8 мільярдаў, значыць, неабходна дадаць яшчэ прыкладна столькі ж", — тлумачыць ён.
Пакуль што PineOx працуе ў бета-рэжыме.
У Беларусі Караткоў быў асуджаны на 2 гады калоніі агульнага рэжыму: яго абвінавацілі ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Прадпрымальніка затрымалі 27 жніўня 2020 года за ўдзел у мірным сходзе каля Чырвонага касцёла ў Мінску, а судзілі 23 траўня 2021 года. На волю Караткоў выйшаў у сакавіку 2022 года і пакінуў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.