Экс-палітвязня Паліенку падазраюць у экстрэмізме
На экс-палітвязня Змітра Паліенку міліцыя пачала адразу дзве адміністрацыйныя справы, паведамляе тэлеканал "Белсат".
Перад Новым годам участковы забраў хлопца з дому, каб у апорным пункце пазнаёміць з гэтымі справамі. Адна з іх — за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце.
"Вось за гэты матэрыял на мяне завялі адміністрацыйную справу аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але старонка гэтая не мая, і я не ведаю, хто гэта. У мяне ёсць мая старонка ў Фэйсбуку — вось яна. А чыя тая старонка, не ведаю ўвогуле", — распавядае Паліенка.
На старонцы, якая стала падставай для адміністрацыйнай справы, — абразлівыя надпісы на адрас міліцыі, напісаныя па-англійску.
Другая справа на Паліенку — за супраціў работнікам міліцыі. Для яе нагодай стала тое, што юнак пасля вызвалення не ходзіць на прафілактычныя гутаркі ў міліцыю. За адмову хадзіць на такія лекцыі суд ужо аштрафаваў яго на 980 рублёў.
Праваабаронца Алег Воўчак лічыць такія дзеянні міліцыі запалохваннем актывістаў напярэдадні выбараў, які мусяць адбыцца ў Беларусі ў 2019-2020 гадах.