Экс-палітвязня з Беларусі знайшлі павешаным у следчым ізалятары Варшавы
Кірыл Кетурка
Былога палітвязня з Беларусі Кірыла Кетурку 20 кастрычніка знайшлі мёртвым у камеры следчага ізалятара ў Варшаве, піша MOST.
Папярэдняя версія следства — суіцыд. Так пазначана і ў дакументах, якія разам з целам перадалі ў Беларусь.
На момант смерці Кірылу было 19 гадоў. Яго асудзілі ў 2022-м за пратэсты 2020 года. Сілавікі прыйшлі да хлопца, калі яму споўнілася 18 гадоў. Яго тры месяцы трымалі ў гродзенскім СІЗА, а потым асудзілі на два з паловай гады "хатняй хіміі". Прыкладна праз год Кетурку ўзмацніць рэжым пакарання і перавесці ў калонію, але ён паспеў пакінуць Беларусь.
Пасля ўцёкаў з Беларусі гродзенец жыў у Варшаве. У кастрычніку 2023 года ён знік. Яго прыяцель кажа, што анлайн у іэлеграме Кірыл быў 10 кастрычніка.
"Ніхто не ведаў, дзе ён. І толькі праз 11 дзён яго сям'і патэлефанавалі з беларускай амбасады ў Варшаве і паведамілі, што Кірыла знайшлі павешаным у польскай турме. Вядома, усе былі ў шоку і не разумелі, як ён апынуўся ў турме і тым больш павешаным", — кажа хлопец.
Цела Кірыла перадалі сваякам у Гродна пры падтрымцы беларускай амбасады. 2 лімстапада яго пахавалі ў родным горадзе побач з бацькам.
Журналісты даведаліся, што Кірыла затрымалі па падазрэнні ў махлярстве ў інтэрнэце. Нібыта, ён звязаўся з групай махляроў, якія кралі грошы з банкаўскіх рахункаў.
Сябры і прыяцелі не вераць, што хлопец учыніў самагубства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.