Эксперт: Большасць удзельнікаў Майдана не давярае апазіцыі
Украінскія палітолагі расказваюць, як змяняліся патрабаванні Еўрамайдана і чаго зараз насамрэч прагнуць рэвалюцыянеры ў Кіеве.
“Як гэта — не захопліваць новыя будынкі? Чаму? А што рабіць тады?” — гэтак мужыкі з Майдана рэагуюць на словы апазіцыянера Алега Цягнібока. Пасля адмовы Вярхоўнай Рады адпраўляць урад Азарава ў адстаўку ён просіць людзей заставацца на Майдане, не рэагаваць на правакацыі і не захопліваць новых будынкаў.
Украінскія пратэсты насамрэч заходзяць у тупік. Палітолаг Уладзімір Фясенка гаворыць, што ўсё пачыналася з патрабавання павярнуцца да Еўрасаюза тварам.
“Ёсць розніца. Майдан, які існаваў з 21-га па ноч з 29-е на 30-е — гэта быў насамрэч Еўрамайдан. На ім патрабавалі падпісання Дамовы аб асацыяцыі з Еўрасаюзам, працягу еўрапейскай інтэграцыі”.
Зараз жа, на думку Фясенкі, апазіцыя сканцэнтравалася на адстаўцы ўрада і правядзенні новых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. Пытанне падпісання Асацыяцыі з ЕС не знікла, вядома. Але адышло на другі план. Тым больш што адстаўка ўрада і асабліва новыя выбары будуць для апазіцыі падарункам. Рэйтынг прэзідэнта Януковіча і яго “Партыі рэгіёнаў” зараз ніжэй за плінтус.
Пытанне — наколькі гатовыя ісці за апазіцыяй рэвалюцыянеры. Іншы ўкраінскі палітолаг, Косць Бандарэнка, гаворыць, што ў Кіеве зараз мітынгуюць збольшага людзі, якія не падзяляюць поглядаў апазіцыянераў Клічко, Яцэнюка і Цягнібока.
“Большасць людзей, якія сабраліся на Майдане, — гэта не прыхільнікі нейкай палітычнай сілы, не прыхільнікі апазіцыі. Таму да апазіцыі насамрэч іх стаўленне таксама скептычнае. Гэта людзі, якія хочуць перамен і ў сваёй большасці не давяраюць апазіцыі як сіле, якая можа гэтыя змены правесці”, — перакананы ён.
На Майдане насамрэч часта можна пачуць кпіны ў бок апазіцыянераў, а чорна-чырвоных сцягоў анархістаў не менш, чым партыйных. Дамінуе нацыянальная сімволіка. У гэтым украінскі пратэст нечым падобны да беларускіх, якія таксама праходзяць збольшага не пад партыйнымі палотнішчамі і лозунгамі. Людзі патрабуюць адстаўкі ўрада і прэзідэнта.
Косць Бандарэнка гаворыць, што будучыня Майдана вырашыцца ў бліжэйшы час. Ён утрымаецца, калі рэвалюцыянеры змогуць дасягнуць хаця б невялікага поспеху.
“Усё будзе залежаць ад таго, якімі будуць дасягненні Майдана, яго перамогі. Калі ў бліжэйшы час Майдан здабудзе некалькі перамог, хаця б адну невялічкую, калі будзе бачна, што Майдан можа нечага дасягнуць — то ён будзе працягвацца”.
Але за апошнія чатыры дні ні дэманстранты, ні апазіцыя не змаглі дасягнуць значнага прагрэсу. Януковіч проста ігнаруе праблему, не ўступаючы ў перамовы. А ў Кіеве тым часам пайшоў снег і істотна пахаладала. Праз некалькі дзён абяцаюць моцныя маразы.