Эксперт: Найхутчэй "лішкамі" ўзбраення стануць самалёты Су-24 і Су-27
У аўторак у кіраўніка дзяржавы прайшла нарада, прысвечаная далейшым накірункам будаўніцтва і развіцця беларускага войска.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь аптымізуе фінансаванне Узброеных Сілаў, затраты на авіяцыю і Супрацьпаветраную абарону павялічаць.
Эксперт па ўзбраеннях Аляксандр Алесін лічыць, што гэта вымушаны крок кіраўніцтва краіны.
Алесін: "Гэта вымушаны крок, калі аказалася, што развіваць усе віды і роды Узброеных Сілаў немагчыма з-за фінансавага дэфіцыту... Насамрэч, тое, што грошай не хапае на войска, высветлілася ўжо даўно. І асабліва на пераўзбраенне. Таму даводзіцца выбіраць найбольш важныя ўчасткі. А канфлікты апошняга часу паказалі, што ўдары з паветра цяпер пераўтвараюцца ў рашаючы сродак змены сітуацыі на сваю карысць".
Алесін лічыць, што да "аптымізацыі" падштурхнуў і эпізод са шведскім самалётам. Таму трэба тэрмінова закрываць дзіркі ў Супрацьпаветранай абароне на нізкіх вышынях, якая стваралася яшчэ ў савецкі час і якой патрэбная "мадэрнізацыя".
Таксама Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць далейшага скарачэння Узброеных Сілаў і продаж "лішкаў" узбраення.
Эксперт мяркуе, што "непатрэбным узбраеннем" могуць аказацца баявыя самалёты, якія выведзеныя з эксплуатацыі — Су-24 і Су-27.
Алесін: "З'явіліся публікацыі, што Су-24 беларускія ўжо ў Судане адзначаныя, 12 штук... Думаю, што гэта ў раёны ўзброеных канфліктаў, у незаможныя краіны, рэжымы, якія хочуць альбо з суседзямі разабрацца, альбо кантроль у сваіх краінах захаваць... Судан для беларускіх старых узбраенняў ідэальны пакупнік".
Аднак вялікіх грошай ад продажу старых самалётаў не будзе. Але гэта "хоць нешта", бо ў цяперашні час эканоміка не дазваляе выдаткоўваць вялікія грошы на абарону, кажа Аляксандр Алесін.
Фота — ria.ru