Эксперт: Ні Нацбанк, ні Урад не хочуць браць на сябе адказнасць

Ці можна тое, што цяпер адбываецца ў краіне (недахоп валюты ў банках, паніка і ажыятаж сярод людзей, якія забіраюць уклады, скупляюць залатыя зліткі і г.д.) назваць банкаўскім крызісам?


Дзмітрый Крук: Тое, што мы маем сёння, на мой погляд, наўрад ці можна назваць крызісам, але, на жаль, верагоднасць сапраўднага крызісу існуе. Сапраўдны крызіс – гэта калі ідзе масавае адкліканне дэпазітаў, якое суправаджаецца недаверам да банкаў. Дзякуй богу, да такой сітуацыі яшчэ не дайшло. Але прадвеснікі банкаўскага крызісу ўжо ёсць…


Сёння я б казаў аб вялікай колькасці негатыўных, трывожных сігналаў, якія існуюць для банкаўскай сістэмы, але непасрэдна банкаўскага крызісу, таго, што ў эканамічнай практыцы называецца “банкаўскай панікай” пакуль яшчэ можна пазбегнуць.


Што ў гэтай сітуацыі трэба рабіць банкам, каб мінімізаваць негатыўныя наступствы? І другі бок – што б вы параілі рабіць ці не рабіць людзям у такім становішчы?


Дзмітрый Крук: На жаль, ад саміх банкаў тут не так шмат залежыць. Сітуацыя, якая склалася, з аднаго боку, ёсць праяўленнем невысокага даверу да нацыянальнай валюты, а з другога – да дзеянняў рэгулятара.


Людзі адклікаюць уклады, таму што ёсць перасцярогі, што іх валютныя дэпазіты могуць быць замарожаныя, бо ў краіне не хапае валюты. Людзі баяцца, што ў нашай краіне проста не хопіць валюты, а гэта тое, за што, хутчэй, адказвае Нацыянальны банк.


Я не вазьмуся ў дадзенай сітуацыі раіць людзям, што рабіць… Але калі мы кажам пра тых, у каго ёсць рублёвыя ўклады, тут перажываць шмат падставаў няма – рублёвыя ўклады будуць абслугоўвацца, я не думаю, што могуць узнікнуць праблемы па іх выплаце. Нацбанк заўсёды зможа стабілізаваць рублёвыя ўклады і насыціць банкаўскую сістэму ліквіднасцю так, каб яна адказвала па сваіх абавязках у нацыянальнай валюце.


Большая пагроза існуе менавіта для валютных укладаў. Паўтаруся, гэта ўжо залежыць ад тых дзеянняў, якія прыме рэгулятар. З аднаго боку – гэта можа быць працяг тых валютных абмежаванняў, якія мы маем. І як найбольшая небяспека – нейкія абмежаванні па выплаце валютных укладаў. Гледзячы, што абярэ Нацыянальны банк у якасці захадаў валютнага рэгулявання.


Ці можа ў дадзеным выпадку штосьці вырашыць 100%-ая гарантыя вяртання ўкладаў? Або гэта проста папулізм?


Дзмітрый Крук: 100%-ае вяртанне ўкладаў – гэта добрая рэч, калі ёсць сумневы непасрэдна наконт магчымасцяў банкаўскай сістэмы абслугоўваць уклады. Гэта было эфектыўна ў 2008-м годзе, калі ў нас быў знешні шок і негатыўныя адчуванні нашых гаспадарак былі звязаныя больш са знешнім фактарам…


Зараз гэта праблема выключна беларуская, таму ёсць пэўныя сумневы, што такі крок актуальны.


Наколькі наш Нацбанк незалежны? Ці працуе ён зараз у пары з урадам? Бо падаецца, што сёння мы бачым толькі як мітусіцца Нацбанк, спрабуе штосьці рабіць, пры гэтым урад застаецца ў баку, яго не чуваць…


Дзмітрый Крук: Апошнія 2-3 тыдні відавочная сітуацыя, калі Нацыянальны банк і ўрад займаюць цалкам розныя пазіцыі. Як мне гэта бачыцца, ідзе спрэчка пра тое, хто будзе адказным за тыя праблемы, якія ўзніклі.


Калі Нацбанк пойдзе на аслабленне нацыянальнай валюты, калі будзе адхіленне ад абавязкаў па абменным курсе, якія ён ўзяў на сябе з пачатку года, то, безумоўна, гэта будзе дадатковы шок для банкаўскай сістэмы. І адказным за гэты шок будзе Нацыянальны банк.


Калі гэтага не будзе, і Нацбанк будзе працягваць стаяць на пазіцыі, што адна дэвальвацыя праблемаў не вырашае (а тут я магу пагадзіцца: дэвальвацыя сапраўды сама па сабе шмат праблем не вырашыць), — у такім разе за праблемы, што ўзнікаюць (скарачэнне ВУП, абмежаванне дзейнасці імпарцёраў і г.д…), будзе адказны ўжо ўрад.
У дадзены момант спрэчка паміж урадам і Нацыянальным банкам ў вялікай ступені стала спрэчкай аб тым, хто будзе адказным за праблемы, якія ўзніклі…


Калі праблемы будуць вырашаць праз абменны курс – адказнасць на сябе павінны будзе ўзяць Нацбанк. Калі гэта будзе выражацца ў зніжэнні ВУП, зніжэнні заробкаў і іншых інструментах скарачэння ўнутранага попыту – адказнасць давядзецца ўзяць на сябе ўраду.


Але ніхто, я так разумею, на сябе браць адказнасць не хоча?


Дзмітрый Крук: Так, кожны абгрунтоўвае сваю пазіцыю тымі ці іншымі аргументамі. І тыя, і іншыя ў пэўнай ступені маюць рацыю. Нацыянальны банк кажа пра тое, што адна дэвальвацыя краіну не выратуе. Безумоўна – гэта так. Калі зараз правесці 15-20% дэвальвацыю, на нейкі перыяд гэта стабілізуе сітуацыю… Але наўрад ці той знешні дэфіцыт, які мы маем, будзе вырашаны толькі праз механізм абменнага курсу. Праз паўгода або праз год мы можам сутыкнуцца з падобнай сітуацыяй зноў.


Канцэптуальна праз дэвальвацыю праблема не вырашаецца. Таму з гэтай пазіцыі Нацбанк мае рацыю… Калі рабіць дэвальвацыю, то павінны выкарыстоўвацца і іншыя інструменты. А за іншыя інструменты адказны ўжо ўрад. Таму тут павінна быць скаардынаванасць у вырашэнні праблем, але ж мы, хутчэй, маем сітуацыю, калі кожны з бакоў хоча перакласці адказнасць на іншы.


З таго, што мы маем сёння, якія ёсць варыянты развіцця падзей? Які аптымістычны і песімістычны варыянт таго, што цяпер будзе з банкаўскім сектарам?


Дзмітрый Крук: Найбольш верагодны варыянт, на мой погляд, у вялікай ступені з’яўляецца песімістычным. Хутчэй за ўсё, будуць чакаць крэдыту ад Расіі. І калі мы атрымаем адзін мільярд крэдыту ад Расіі і два мільярды ад ЕўрАЗэС, а фактычна, таксама ад Расіі, на нейкі перыяд гэта стабілізуе валютны рынак. Дзесьці паўгода-год, можа нават больш, будзем жыць і рабіць выгляд, што праблемы не існуе.


Але ж структурны дэфіцыт нікуды не знікне… Гэту праблему мы проста адкладзем – павялічым сваю знешнюю запазычанасць, а праблема ў кожны момант можа ўзнікнуць зноў. То бок мы проста будзем адкладваць сітуацыю кожны раз далей у будучыню да таго моманту, калі наш знешні доўг стане такім, што адкладваць яго стане проста немагчыма.


Колькі гэта можа працягнуцца?


Дзмітрый Крук: Гэта залежыць ад многіх прычын. Але на год-два-тры праблему можна адкладваць… Зараз мы дачакаемся крэдытаў ад Расіі, скажам, што праблема вырашаная, нейкія дробныя змены ў палітыцы будуць адбывацца… Але ж канцэптуальных змен у структуры беларускай эканомікі не адбудзецца. Гэты варыянт я лічу найбольш верагодным. Але, на мой погляд, – гэта адзін з самых песімістычных сцэнарыяў.


А які сцэнарый мог бы быць аптымістычным?


Дзмітрый Крук: Аптымістычны варыянт павінен быць звязаны з сур’ёзнымі рэформамі. Я нават не кажу пра такія структурныя рэформы, як прыватызацыя па шэрагу прадпрыемстваў, перагляд правілаў, па якіх функцыянуе беларуская эканоміка… Па-першае, па меншай меры павінна быць скарачэнне ўнутранага попыту, мы штучна разагрэлі ўнутраны попыт у папярэднім годзе… Ад гэтага трэба адмаўляцца. Адпаведна, трэба вельмі сур’ёзна ўзмацніць манетарную палітыку, скараціць рэфінансаванне банкаў.


Фактычна, у нашым выпадку гэта азначае, што патрэбна згортваць тыя дзяржаўныя праграмы, якія сёння абслугоўваюць дзяржбанкі (Белаграпрамбанк і Беларусбанк). Павінна быць нашмат больш жорсткая фіскальная палітыка, скарачэнне бюджэтных выдаткаў і балансаванне бюджэту. Для пачатку з дапамогай эканамічных інструментаў неабходна нейтралізаваць негатыўнае знешняе сальда.


Пасля можна рабіць больш канцэптуальныя рэформы. Ці ёсць да гэтага сцэнарыя палітычная воля? Станоўча на гэта пытанне пакуль адказаць не магу.


Чаму ў нас такія высокія стаўкі па крэдытах? Фактычна, банкі перакладваюць рызыку на спажыўца…


Дзмітрый Крук: Шмат у чым гэта плата за тое, што па значнай колькасці крэдытаў стаўкі наадварот вельмі нізкія (напрыклад, жыллёвыя праграмы, якія былі пашыраныя ў мінулым годзе, указ прэзідэнта аб льготным спажывецкім крэдытаванні, дзе пад 10% можна ўзяць крэдыты на шмат якія тавары беларускай вытворчасці).


То бок значная колькасць хатніх гаспадарак карыстаецца крэдытамі на льготнай аснове, якія датуе дзяржава. Па іншых рынкавых крэдытах банкі сапраўды спрабуюць кампенсаваць тыя выдаткі, якія яны маюць па льготных крэдытах…


А цяпер, калі манетарныя органы ўлады зразумелі, што манетарную палітыку трэба рабіць больш жорсткай, і калі прапанова грошай будзе скарачацца, а банкі ўсё ж такі павінны абслугоўваць дзяржаўныя праграмы, у гэтым выпадку адсоткавыя стаўкі па рынкавых крэдытах хутчэй за ўсё працягнуць расці. Нездарма з’явілася рэкамендацыя Нацбанка абмяжоўваць рублёвыя крэдыты, і павышаць адсоткавыя стаўкі.


Я б сказаў – гэта фактычна расплата за тое, што мы мелі ў мінулым годзе, калі шмат якія крэдыты можна было ўзяць на вельмі добрых умовах па вельмі нізкіх стаўках.


Наколькі беларускія банкі сапраўдныя – адрозніваюцца ад звычайных еўрапейскіх?


Дзмітрый Крук: Самая значная наша адметнасць – гэта тое, што дзесьці каля 40% усёй крэдытнай запазычанасці – гэта крэдыты па дзяржаўных праграмах. Па ацэнцы МВФ, на пачатак гэтага года такіх крэдытаў было каля 37-40% ад усяго крэдытнага партфелю. То бок дзесьці палова партфелю Белаграпрамбанка і Беларусбанка – штучныя крэдыты, так званыя квазіфіскальныя аперацыі. Безумоўна, гэта ўплывае на ўсю банкаўскую сістэму.


Калі казаць пра камерцыйныя банкі, то тут я шмат адрозненняў не бачу. Адрозненні ёсць хіба што ў ступені развіцця.Так, як сябе паводзяць, напрыклад, Прыёрбанк, БПС-банк – шмат у чым падобна да тых ступеней развіцця, якія былі ў Польшчы, Чэхіі і г.д.


Але ў той самы момант і Прыёрбанк, і БПС-банк, калі мы іх возьмем як узоры найбольш набліжаныя да еўрапейскага стандарту банкінга, таксама церпяць ад стратаў, якія мы маем у выніку штучнага крэдытавання праз Беларусбанк і Белаграпрамбанк. То бок абслугоўванне дзяржаўных праграм, нягледзячы на тое, што гэтыя банкі не так актыўна ў іх удзельнічаюць, уплывае і на прыватныя банкі.


На якой ступені развіцця мы цяпер знаходзімся? Наколькі мы паўнавартасная краіна ў банкаўскім плане – ужыванне крэдытных картак і інш…?


Дзмітрый Крук: Мы набліжаемся да гэтага. Дакладна сказаць, наколькі мы адстаём ці апярэджваем суседнія краіны (Польшчу, Літву) сказаць цяжка. Мы трохі адстаём. Такая праблема ёсць, але значных разыходжанняў я не бачу. Мы ідзем у адносна верным накірунку. Але тыя праблемы, якія ёсць, яны хутчэй узнікаюць з макраўзроўню, з тых задач, якія ставіць дзяржава перад банкаўскай сістэмай. Прыватныя банкі шмат у чым дзейнічаюць у адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі і прынцыпамі.


Так, мы можам бачыць, што ўзровень развіцця фінансавых паслуг у Беларусі саступае польскаму ці латвійскаму, але гэта даволі аб’ектыўны працэс. Калі ў гэты працэс не ўмешвацца, мы даволі хуткімі тэмпамі пойдзем у верным накірунку і будзем развівацца ў адпаведнасці са стандартамі іншых краін.


Можна параўнаць тэмпы росту актываў банкаўскай сістэмы. З аднаго боку, гэтыя тэмпы былі надта вялікія, але ж асноўнай прычынай вельмі хуткага росту (за мінулы год актывы ўзраслі прыкладна на 50%), была зноў такі дзяржаўная праграма “дырэктыўнае крэдытаванне”.


Таму, калі рэзюмаваць, пазітыўныя тэндэнцыі ёсць – яны звязаныя з большай канкурэнцыяй на банкаўскім рынку. Але ж ёсць негатыўныя, звязаныя з уплывам макрапалітыкі і імкненнем органаў рэгулявання зрабіць з банкаўскай сістэмы інструмент, які можна наўпрост выкарыстоўваць для ўздзеяння на ўсю эканоміку.


Ці нармальна, калі ў краіне ёсць такі монстр, як Беларусбанк?


Гэта невялікая праблема. Такое ёсць і ў іншых краінах. Канцэнтрацыя актываў банкаўскай сістэмы ўласціва для многіх краін. З развітых краін мы можам узяць, напрыклад, Англію. Там таксама ёсць некалькі вялікіх банкаў, доля якіх складае амаль 60-70% ад усёй банкаўскай сістэмы.


Калі казаць толькі па гэтым крытэрыі, тут ёсць падабенства з іншымі краінамі. Калі ж казаць пра тое, што “дэ факта” робіць “Беларусбанк” – гэта ўжо наша своеасаблівасць. Наўрад ці які банк у іншых краінах мае такія прывілеі ад дзяржавы. Але само па сабе тое, што два банкі маюць значную частку рынка –не крытычна. Больш крытычна тое, якім чынам гэта дасягаецца і якія наступствы гэта мае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі