Эксперт: Расіі выгадна, каб Беларусь і Украіна заставаліся слабымі краінамі

Еўрарадыё: Вы пішаце для заходняга чытача пра рэгіён усходняй Еўропы, наколькі ў еўрапейцаў і ў жыхароў Амерыкі стэрэатыпнае мысленне, як імі ўспрымаецца ўкраінскі крызіс?

Дэвід Марплз: Я думаю, што стэрэатыпнае мысленне ў першую чаргу базуецца на ідэі расійскага імперыялізму і расійскай экспансіі, што галоўнай мэтай для пуцінскай Расіі застаецца рэстаўрацыя Савецкага Саюза. Заходнія сродкі масавай інфармацыі дагэтуль глядзяць на рэгіён Усходняй Еўропы з пункту гледжання ідэалогіі халоднай вайны. Таму думаю, яны глядзяць на крызіс у Крыме з дадзенай перспектывы. Тым не менш, не трэба забывацца і пра вялікую дыяспару ўкраінцаў у Канадзе і ў Амерыцы, і пра іх уплывы. Яны таксама праз сродкі масавай інфармацыі паказваюць праблему з іншай перспектывы. Цяжка сказаць, што Крымскі крызіс гэта вяртанне ў халодную вайну. Расія прапагандуе, што нібыта рускамоўныя жыхары ў Крыме пасля падзей на Майдане знаходзяцца ў небяспецы. Першы раз пасля заканчэння халоднай вайны мы ўбачылі адказ Расіі. Пасля распаду Савецкага Саюза НАТА моцна прасунуўся на Усход. І Расія губляе ўплыў на Украіну. Пуцін пачынае абараняць свой уплыў і свае інтарэсы. Крым стаў яблыкам на дрэве, які лёгка сарваць. І Пуцін гэта зрабіў, бо ніхто яго не пакараў. Для Пуціна гэта быў проста рэванш, і, дарэчы, гэта частка яго вялікага плана, вярнуць свой уплыў у суседніх краінах. Хоць я не думаю, што Пуцін мае на мэце рэстаўраваць Савецкі Саюз у такім жа выглядзе, бо гэта нерэалістычная ідэя. Тое, што ён хоча зрабіць — пабудаваць не глабальную сілу ўплыву і кантролю, а расійскую рэгіянальную сілу. І Расія спрабуе гэта зрабіць там дзе яна заўсёды мае свой традыцыйны ўплыў. І калі мы паглядзім у гісторыю з перспектывы Масквы, то гэта вялікая Расія, дзе расіяне, беларусы і ўкраінцы — гэта адзін народ: яны пайшлі ад адных плямён, былі разам у Кіеўскай Русі, былі разам у Савецкім Саюзе, нават у XVII стагоддзі расіяне і ўкраінцы змагаліся супраць палякаў. Таму для расіян натуральна, што гэтыя народы мусяць быць з Расіяй. Але, калі паглядзець на Украіну, не важна, што большаць людзей выказваецца за Захад, а немалая частка за Усход, ніхто з іх не хоча падзелу краіны.

Еўрарадыё: Як мяркуеце, Пуцін абмяжуецца толькі анексіяй Крыма?

Дэвід Марплз: Асноўная праблема Украіны — гэта карупцыя, з-за гэтага і пачаліся пратэсты. Расіі выгадна, каб Украіна заставалася слабай краінай, як і выгадна, каб слабай краінай была і Беларусь, бо тады прасцей кантраляваць. Уся ідэя Мытнага Саюза ці АДКБ — вяртанне ў Савецкі Саюз, вяртанне расійскага кантролю ў рэгіёне. Пакуль не бачна, каб ЗША абараняла тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, краіна пакінутая сам на сам са сваімі праблемамі. Расія правяла “дурны рэферэндум”, Крым быў згублены. І цяпер Пуцін заяўляе, што гэта не была агрэсія, бо не было ніводнай смерці. А мне падаецца, калі б былі загінулыя, сітуацыя разгортвалася зусім па-іншаму. Але ўсходняя частка Украіны знаходзіцца пад пагрозай, бо цяпер ніхто з палітыкаў з усходняй Украіны не патрапіў у кабінеты. І гэта вялікая памылка, памылка новага ўраду. Пасля ўсіх правакацый Расіі ў Данецку, Луганску, у Херсоне, людзей гэта не зацікавіла, яны не зацікаўленыя ні ў грамадзянскай вайне, ні ў далучэнні да Расіі. Таму цяжка ўбачыць тут поспех Расіі.

Еўрарадыё: Адным са сваіх апошніх артыкулаў: “Беларусь і расійска-украінскі канфлікт” вы казалі пра тое, што афіцыйны Мінск за апошні час змяніў сваю пазіцыю да канфлікту. Памяркоўная пазіцыя змяняецца падтрымкай Расіі (заява Лукашэнкі, што дэ-факта Крым расійскі). Наколькі рэальна, што пасля чэмпіянату па хакеі Беларусь увяжацца ў вайсковы канфлікт, калі да яго дойдзе?

Дэвід Марплз: Мне падаецца, што калі Лукашэнка казаў пра Крым, то быў даволі спакойны, калі казаць пра нейкую перспектыву ваеннага канфлікту. Я памятаю, што калі ў 2008 годзе Абхазія і Паўднёвая Асеція аб’явілі незалежнасць, Лукашэнка адмовіўся яе прызнаваць. Некаторыя назіральнікі ўбачылі ў гэтым сімвал таго, што Беларусь з’яўляецца незалежнай дзяржавай, робіць сваю ўласную палітыку. Але словы Лукашэнкі гавораць толькі пра тое, што ён вельмі занепакоены, цяпер гэта не тая Расія, з якой ён меў дачыненне раней. І яна ўсцяж мае моцныя аргументы ў адносінах з Беларуссю, гэта у першую чаргу кошты на газ. І не падтрымаць Расію — гэта паставіць сябе пад удар. Таму гэта было ўмоўнае прызнанне пост-фактум. Калі будзе крызіс, то Беларусь застанецца з Расіяй. І Чэмпіянат свету па хакеі нічога не зменіць у пазіцыі Беларусі, для яе чэмпіянат будзе як алімпійскія гульні для Расіі.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, Расія дазволіць правесці выбары Украіне 25 траўня?

Дэвід Марплз: Расія зацікаўленая ў зрыве перадвыбарчай кампаніі, бо зацікаўленая ў слабым урадзе, які не паказвае выразна кірунак развіцця краіны. Чым больш часовы ўрад будзе пры ўладзе, тым прасцей маніпуляваць Украінай, тым даўжэй захоўваецца небяспека ўмяшання Расіі. Але відавочна, што Расія не можа паставіць выразнага прарасійскага кандыдата, скажам Мядведчука. Таму што гэта будзе ўсім зразумела, выбарцы скажуць, гэта кандыдат Пуціна, і галасаваць за яго не будуць. Цяпер з усіх кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Украіны найбольш шанцаў маюць Парашэнка і Цімашэнка.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі