Эксперт: Трамп не можа, як Лукашэнка, падпісаць указ і загадаць, каб выконвалі
Новаабраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ад першых дзён набыцця паўнамоцтваў актыўна бярэцца за “заканатворчую” працу. Што паспеў зрабіць амерыканскі прэзідэнт за тыдзень ― з 20 па 27 студзеня?
Адразу па завяршэнні цырымоніі інаўгурацыі Трапм падпісвае распараджэнне аб выхадзе Вашынгтона з Трансатлантычнага гандлёвага і інвестыцыйнага партнёрства. Наступнае рашэнне: вяртанне адмененай яго папярэднікам Баракам Абамам забароны на дзяржаўнае фінансаванне міжнародных арганізацый, якія аказваюць у краінах трэцяга свету паслугі, звязаныя з абортамі.
Увогуле, у новага прэзідэнта ЗША назіраецца вялікая нелюбоў да міжнародных арганізацый, якія дзейнічаюць у тым ліку і за грошы амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў. Так, паводле інфармацыі СМІ, адміністрацыя Трампа падрыхтавала ўказы пра значнае скарачэнне фінансавання міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН.
25 студзеня Трамп падпісвае ўказ аб будаўніцтве сцяны на мяжы з Мексікай і ўзмацненні палітыкі ў дачыненні да нелегальных мігрантаў. А ў далейшым, паведамляе Associated Press прэзідэнт ЗША “плануе падпісаць указы аб 30-дзённай забароне на выдачу віз грамадзянам краін, дзе мусульмане складаюць большасць насельніцтва, а таксама замарозіць на 120 дзён праграму прыёму ўцекачоў з Сірыі”. Таксама плануецца прыпыніць дзеянне праграмы атрымання віз без сумоўя на нявызначаны тэрмін.
Таксама, па інфармацыі амерыканскіх СМІ, Трамп нібыта ўжо падрыхтаваў указ, які дазволіць ЦРУ наноў адчыніць замежныя турмы для ўтрымання падазраваных у тэрарызме.
Але ці азначае гэта, што падпісаны прэзідэнтам указ альбо распараджэнне неўзабаве пачнуць выконвацца? Ну, як да гэтага прывыклі ў Беларусі? У ЗША іншая сістэма прыняцця рашэнняў, і не абавязкова падпісаны самім прэзідэнтам указ некалі набудзе моц, кажа палітолаг Юры Дракахруст. Але нешта і сапраўды адразу выканаюць. Да прыкладу, выйдуць з перамоў па Трансатлантычным гандлёвым і інвестыцыйным партнёрстве.
“Гэта пагадненне, якое было падпісанае прэзідэнтам Абамам, але не было ратыфікаванае Кангрэсам. І Трамп у гэтай сітуацыі мог проста адклікаць подпіс прэзідэнта. І, адпаведна, адклікаць гэты дакумент з кангрэса ― гэта ён мог”, ― кажа Юрый Дракахруст.
Можа Дональд Трамп і паўплываць на колькасць мігрантаў, якія атрымліваюць статус уцекача ў ЗША ― проста скараціўшы квоты на гэты статус. А вось усе яго ўказы і рашэнні, якія патрабуюць грашовых выдаткаў, павінныя быць узгодненыя Кангрэсам. Не пагодзіцца Кангрэс выдаткоўваць грошы з бюджэту на замежныя турмы і не будзе іх, не дасць згоды скарачаць фінансаванне міжнародных арганізацый, і будуць яны працаваць па-ранейшаму.
Юрый Дракахруст: “Прынцып у Амерыцы такі ― грошы размяркоўвае Кангрэс. Не, прэзідэнт можа распараджацца грашыма нейкага пэўнага фонду, але, калі тая ж сцяна каштуе некалькі мільярдаў долараў, то так проста дастаць такія грошы “з кішэні” ён не можа. Ён можа гэтаму спрыяць, падаць адпаведны законапраект у Кангрэс, але не больш за тое: як Аляксандр Рыгоравіч, падпісаць і проста загадаць рабіць тое і тое ён не можа”.
Такім чынам, калі Дональд Трамп хоча, каб яго ўказы запрацавалі, яму давядзецца выйграць бой у Кангрэсе. І гарантый перамогі няма.