ЕС гатовы на новыя санкцыі супраць рэжыму, але абяцае мільярды на дэмакратызацыю

Еўрасаюз, ілюстрацыйнае фота

Еўрасаюз, ілюстрацыйнае фота

Еўрасаюз па-ранейшаму асуджае рэжым Лукашэнкі за рэпрэсіі і гатовы ўвесці супраць яго новыя санкцыі. Але пры пераходзе Беларусі да дэмакратыі Брусель гатовы вылучыць афіцыйнаму Мінску фінансавую дапамогу ў 3 мільярды еўра. Пра гэта гаворыцца ў заяве Савета ЕС па Беларусі, прынятай 19 лютага.

Савет ЕС пацвердзіў, што будзе непахісна падтрымліваць "імкненне беларускага народа да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай і квітнеючай Еўропы".

У дакуменце цытуецца выказванне вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазепа Барэля. Палітык асуджае парушэнні правоў чалавека з боку рэжыму Лукашэнкі і заяўляе пра "беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій" напярэдадні будучых "выбараў".

Савет ЕС занепакоены пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека і дзеяннямі ўладаў, якія закранаюць нацыянальную ідэнтычнасць Беларусі. Таксама Савет ЕС асуджае рэпрэсіі ў Беларусі, запалохванне людзей і падтрымку вайны ва Украіне. У заяве змяшчаецца заклік да афіцыйнага Мінска выконваць свае міжнародныя абавязацельствы. Калі рэжым Лукашэнкі працягне свае дзеянні, ЕС прыгразіў далейшымі санкцымі.

Разам з тым у дакуменце паўтараецца абяцанне даць Беларусі 3 мільярды еўра пасля пераходу да дэмакратыі "з дапамогай комплекснага плана эканамічнай падтрымкі". Мэтай такога плана называецца "павышэнне ўстойлівасці і прасоўванне дэмакратычных рэформаў, стварэнне новых працоўных месцаў і павышэнне ўзроўню жыцця людзей".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі