ЕС падтрымае платформу па зборы звестак аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі

ЕС падтрымае платформу па зборы звестак аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі

Еўрасаюз палітычна і фінансава падтрымае працу міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (International Accountability Platform for Belarus). Пра гэта заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

Барэль назваў непрымальнымі парушэнні правоў чалавека, якія беларускія ўлады ўчынілі пасля жнівеньскіх выбараў 2020 года. "На масавую мірную мабілізацыю беларускага грамадства, які выступае за дэмакратыю і свае асноўныя свабоды, улады адказалі жорсткімі рэпрэсіямі, адвольнымі арыштамі і затрыманнямі, сотнямі задакументаваных выпадкаў катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, уключаючы сексуальны і гендарны гвалт", — цытуе БелаПАН заяву вярхоўнага прадстаўніка ЕС. 

Згадаўшы, што на Дзень Волі ў Беларусі былі адвольна затрыманыя больш за 200 чалавек, Барэль канстатаваў, што маштабы дзяржаўных рэпрэсій не змяншаюцца. 

Еўраасюз разам з міжнароднымі партнёрамі, па словах Барэля, "узначальвае барацьбу з беспакаранасцю".

Ён нагадаў, што на гэтым тыдні Савет ААН па правах чалавека прыняў прапанаваную Еўрасаюзам рэзалюцыю па Беларусі. Гэты дакумент дае Вярхоўнаму камісару ААН па правах чалавека мандат для збору інфармацыі пра парушэнні ў нашай кріане. Па словах Барэля, Вярхоўны камісар ААН у сваёй працы будзе карыстацца дакументацыяй, сабранай міжнароднай платформай.

Як распавядала Еўрарадыё, міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні да адказнасці вінаватых у парушэнні правоў чалавека (Accountability International Platform for Belarus) пачала працу 24 сакавіка. Над ёй працуюць некалькі незалежных праваабарончых арганізацый. Яны збіраюць апрацоўваюць, правяраюць і захоўваюць доказы сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека, учыненых беларускімі ўладамі напярэдадні і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Беларускі бок у дзейнасці платформы прадстаўляе праваабарончы цэнтр "Вясна" і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі