Еўрамайдан з самай раніцы блакуе Кабмін, туды ж сцягваецца "Беркут"
Удзельнікі Еўрамайдана перакрылі цэнтральны ўваход.
Каля 200 мітынгоўцаў перакрылі ўезд у будынак з боку вуліцы Грушэўскага. Мітынгоўцы патрабуюць адстаўкі ўрада Мікалая Азарава і скандуюць іншыя традыцыйныя для Майдана лозунгі, перадае liga.net.
Разам з тым удзельнікі Еўрамайдана не змаглі перакрыць іншы ўваход — з боку вуліцы Садовай. Мясцовыя падыходы да Кабміна перакрылі аўтобусы і шэрагі байцоў унутраных войскаў МУС.
У парку насупраць Кабміна знаходзяцца больш 10 вялікіх аўтобусаў з байцамі спецпадраздзялення міліцыі "Беркут" і салдатамі ўнутраных войскаў. Як інфармуе interfax.by, гэтыя ж аўтобусы перавозілі падраздзяленне "Беркут", якое разганяла студэнтаў на Майдане Незалежнасці ў ноч на 30 лістапада.
У дворыку кабміна застаецца 5 аўтобусаў тыпу ПАЗ з байцамі спецпадраздзялення "Беркут". Яшчэ 8 міліцэйскіх аўтобусаў перагарадзілі вуліцу Грушэўскага, у іх знаходзяцца байцы "Беркут" і салдаты ўнутраных войскаў. Аўтобусы міліцыі ўвесь час прыбываюць.