Еўрарадыё шукае затрыманага ва Уруччы сляпога і знаходзіць яго казіно

Еўрарадыё шукае затрыманага ва Уруччы сляпога і знаходзіць яго казіно

24 верасня кіраўнік аддзела следчага ўпраўлення УСК па Мінску Сяргей Гамко заяўляе, што затрыманы ў пераходзе мінскай станцыі метро "Уручча" сляпы “ў перыяд са снежня 2013 па верасень 2015 выйграў у ігравых установах больш за 1,3 мільярда беларускіх рублёў”. Нават публікавалася відэа, на якім інвалід па зроку сядзіць за ігравым аўтаматам.

Але ніякіх слоў самога Змітра Арцёмава дагэтуль няма. Той нібы знік. З сумай у 1.3 мільярда рублёў!

Ва Уруччы, дзе раней жыў Зміцер, нямала ігравых клубаў. Еўрарадыё праходзіцца амаль па ўсіх, але ні ў адным адміністратары не могуць узгадаць сляпых наведвальнікаў. Больш за тое, усе ў голас пераконваюць, што “без зроку проста немагчыма гуляць на аўтаматах, трэба ж неяк стаўку зрабіць, нейкія фішкі вызначыць… ды і калі б хтосьці выйграў такую суму няхай і цягам года, то пра яго б ведалі ва ўсіх, нават самых дробных ігравых клубах краіны!”.

Зачэпка з’яўляецца ў клубе, які знаходзіцца акурат на шляху ад метро да дома, дзе жыў Зміцер.

“Гэта той, якога збілі ў метро? Да нас ён не хадзіў, але нашы заўсёднікі распавядалі, што ён увесь час гуляў недзе на кінатэатры “Вільня”! Але сюды не хадзіў!”, — выпальвае адзін з супрацоўнікаў, падслухаўшы размову з адміністратарам.

Сапраўды, каля былога кінатэатра ёсць ігравы клуб. З Уручча сюды ходзіць прамы тралейбус, так што, дабрацца невялікая праблема.

“Ну, не кожны дзень, але прыходзіў. Я не ведаю, хто яго прыводзіў, можа таксісты… бо яго даводзілі да дзвярэй і ўсё, — пасля перапісвання пашпартных дадзеных, усё ж адказвае на пытанні адміністратар. — Ён сядаў за тыя аўтаматы, якія больш гучна працуюць. Аўтамат жа выдае пэўныя гукі пад кожную падзею. Ён арыентаваўся на гукі, ды і, натуральна, у яго ўжо былі і ранейшыя навыкі. А так, ён клікаў нас запытацца пра суму выйгрышу ці памер стаўкі, мы яму адказвалі”.

Характарызуюць тут Змітра, як звычайнага кліента, нават ціхага. Праўда, бывалі выпадкі, калі даводзілася рабіць яму заўвагу. “Калі яго хто-небудзь зачэпіць, то… матам ён мог завярнуць так, што такога больш нідзе не пачуеш”, — усміхаецца адміністратар.

Колькі мужчына выйграў за амаль два гады азартных гульняў, у клубе казаць адмаўляюцца, маўляў, не маюць права. Але фізічна падлічыць гэта магчыма.

“У нас ёсць адмысловая база, куды мы ўносім пашпартныя дадзеныя, калі выплачваем выйгрыш, — тлумачыць супрацоўніца буйной сеткі клубаў. — Без пашпарта мы не маем права аддаць грошы. То бок, калі кліент пажадае, адміністратар выпісвае яму сліп. З гэтым сліпам і пашпартам кліент ідзе ў касу, дзе яму выдаюць грошы”.

Паводле дадзеных Следчага камітэта, 1.3 мільярда рублёў сляпы выйграў цягам 22 месяцаў. Гэта каля 60 мільёнаў у месяц і каля 2 мільёнаў за дзень… Але такая сістэма падліку маўчыць пра прайграныя грошы! Бо колькі купюр за вечар кліент укладае ў аўтаматы, нідзе не фіксуюцца. Такім чынам, у адзін дзень Арцёмаў мог выйграць два мільёны, у наступны іх жа прайграць. Па паперах ён усё адно застаецца мільянерам.

Следчы камітэт паведамляў, што нягледзячы на следства, інваліда па зроку было вырашана не затрымліваць і цяпер ён знаходзіцца ў доме-інтэрнаце на вуліцы Ваўпшасава ў Мінску. У спісах установы, якія мы падгледзелі праз плячо вахцёршы, яго прозвішча пазначана асадкай, а побач стаіць дата прыёму — 24 верасня, то бок праз тыдзень пасля скандалу. Еўрарадыё спрабуе паразмаўляць са Змітром Арцёмавым на новым месцы жыхарства, але натыкаецца на нечаканую перашкоду.

 

– Ніякіх журналістаў без паперы з камітэта! — адразае вахцёрка на ўваходзе ў будынак.

– З якога камітэта?

– Ну як з якога? Што значыць, з якога!? З камітэта!

– Камітэтаў у нас шмат у краіне: следчы, мытны… у які камітэт звяртацца?

– Там дзе ў нас даецца ўсё гэта самае сюды на пражыванне. Вось і ўсё, калі ласка, ідзіце туды і вам дадуць усё! Гэта ёсць у кожным раёне, калі ласка, калі вам дадуць паперу з пячаткай, подпісам, то прыходзьце да нас сюды, мы вас будзем прапускаць.

 

У гэты дзень кіраўніцтва інтэрната знаходзілася на штотыднёвай нарадзе, якая “можа цягнуцца колькі заўгодна”. Таму вяртаемся на наступны дзень і зусім выпадкова ў холе сустракаем намесніка дырэктара ўстановы. Дыялог пра дазвол і камітэт паўтараецца, але дадаюцца і іншыя элементы:

 

– У тым, што мы вам забараняем з ім сустрэцца, ніякіх законаў не парушаецца, — ставіць кропку ў сваіх тлумачэннях намеснік дырэктара.

– Апроч Канстытуцыі! Ён жа не ў турме і можа сам вырашаць, з кім размаўляць, а з кім — не!

– Ён знаходзіцца на поўным забеспячэнні дзяржавы, таму без паперы мы вас не прапусцім. Ды і сам ён прасіў, каб да яго было менш увагі!

– А давайце ў яго разам спытаем!?

– Будзе дазвол ад камісіі, спытаем!

– Скажыце, а вам, як кіраўніку гэтага інтэрната, не шкада будзе Змітра, калі яго пасадзяць?

– Ведаеце, што!? У мяне тут на апецы больш за 80 чалавек, якія пражылі жыццё ў сваё задавальненне. Яны не адну кватэру прапілі! Дык чаму я буду іх яшчэ і шкадаваць? Я ім што, маці?

 

Вядома, што пра паступленне ў гэтую ўстанову Зміцер Арцёмаў марыў і нават пісаў прашэнне на імя Аляксандра Лукашэнкі. Вось толькі ці рад ён такому “ўтрыманню” — застаецца пад пытаннем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі