Легенды металу Vader і Gods Tower рэканструююць Купалле ў Дудутках

Традыцыйны летні фестываль "Купальскае кола" пройдзе 20-21 чэрвеня ў Дудутках у фармаце оўпн-эйра. Па словах аднаго з арганізатараў фэсту Алеся Таболіча, у межах івэнта адбудзецца рэканструкцыя свята Купалля, пройдуць шматлікія кірмашы і выступіць каля 30 музычных калектываў, сярод якіх беларусы "Палац", Gods Tower, Litvintroll, "Стары Ольса", украінцы "Трынаццаты бубен", зоркі польскага метала Vader і іншыя.


Дарэчы, гурт самаго Таболіча, Znich, паўстане на фэсце ў новым складзе: з Алесем і дударом Канстанцінам Трамбіцкім на сцэну выйдуць новыя музыкі. У звыклым выглядзе пэган-металісты адыгралі апошні канцэрт падчас "Каляднага фэсту" 25 снежня 2014 года. Алесь кажа, што ў той час большасць удзельнікаў гурта практычна адышла ад музыкі ці сышла ў іншыя праекты. Цяпер да каманды далучыліся гітарыст Руслан Іллін з гурта Soulsides, басіст Аляксандр Філіпенка (Folcore), бубнач Сяргей Абрамаў (Imprudence) і клавішніца Марына Макарэвіч з гурта "Сонцаварот". Адпаведна змянілася і гучанне гурта.


"Падыход да музыкі стаў навамодны. З'явіліся коравыя моманты, ёсць блэк-метал і шмат весялосці, якой у нас, дарэчы, не хапала. Такі музычны сімбіёз атрымліваецца", — мяркуе Алесь.


А яшчэ цяпер апроч Таболіча ў "Знічы" спяваюць Канстанцін Трамбіцкі і Марына Макарэвіч. Музыкі ўжо прадставілі першую сумесную працу — песню "Дунаю". У хуткім часе гурт прэзентуе кліп на яе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі