Футбалістам, якія "раскаяліся" і "прызналі памылкі", дазволілі выступаць у РБ

Аляксандр Гутар

Аляксандр Гутар / fcbate.by

Футбалістам, якія "шчыра раскаяліся" і "прызналі памылкі", дазволілі выступаць у Беларусі. У спісе сем чалавек. Самы вядомы з іх — брамнік Аляксандр Гутар. З "чорнага спісу" Мінспорту таксама выключылі Аляксандра Джыгеру, Паўла Чыкіду, Іллю Бранаўца, Данілу Нячаева, Уладзіслава Жука і Дзмітрыя Дудара.

Рашэнне па футбалістах у пятніцу прымала "камісія па разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў". Пасяджэнне прайшло ў Генпракуратуры (камісіяй кіруе генпракурор Андрэй Швед, у яе ўваходзіць адыёзны прапагандыст Рыгор Азаронак). Адзначалася, што згаданыя спартсмены ў 2020 годзе дапусцілі "памылкі", але "рэабілітаваліся" "актыўным удзелам у значных грамадска-патрыятычных мерапрыемствах, накіраваных на падтрымку дзяржаўнага ладу, абавязацельствам выканання Канстытуцыі РБ, павагі дзяржаўных сімвалаў і нацыянальных традыцый краіны, а таксама развіцця беларускага спорту і годнага прадстаўлення РБ у спартыўных мерапрыемствах". У выніку іх дапусцілі "да прафесійнай дзейнасці". Вось такія рэаліі Рэспублікі Беларусь. 

У 2022-м пад кіраўніцтвам міністра спорту Сяргея Кавальчука быў складзены "чорны спіс" футбалістаў, якім не дазволілі гуляць у беларускім чэмпіянаце. У 2020-м гэтыя гульцы на відэа сказалі "Мы супраць гвалту!", і ім гэтага не могуць дараваць. З імі былі ці скасаваныя, ці не заключаныя кантракты. Паўабаронца БАТЭ і зборнай Беларусі Станіслаў Драгун быў вымушаны завяршыць кар'еру.

Гутар летам 2023-га прайшоў "абрад ачышчэння" перад рэжымам. Для яго Мінспорту арганізавала ў Доме футбола "прэс-канферэнцыю". Ён заявіў, што толькі паўдзельнічаў у 2020-м у запісе відэа футбалістаў супраць гвалту сілавікоў, у пратэстах не ўдзельнічаў, "экстрэмісцкія" тг-каналы не чытаў. Пасля гэтага брамнік падпісаў кантракт з БАТЭ, але нешта пайшло не так — ён не гуляў, а сёлета сышоў з каманды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі