Футбалісту Іллі Лухвічу пагражае крымінальная справа, артыкул — "Махлярства"
Футбалісту Іллі Лухвічу пагражае крымінальная справа, артыкул — "Махлярства". Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook інфармуе афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова. Як паведамляла Еўрарадыё, 19-гадовага Лухвіча затрымалі за злосныя парушэнні правілаў дарожнага руху — відэа сваіх ліхацкіх паездак ён публікаваў у Instagram. ДАІ Цэнтральнага раёна сталіцы праводзіла праверку па факце злосных парушэнняў ПДР, якія дапусціў кіроўца чорнай Infiniti FX.
Ганчарова піша, што матэрыялы праверкі ў дачыненні Іллі Лухвіча і 18-гадовай дзяўчыны міліцыя перадала ў Цэнтральны раённы аддзел СК. Пытанне пра распачаццё крымінальнай справы вырашаецца. Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта не ўдакладняе, да якога махлярства можа мець дачыненне футбаліст. Дзяўчына Іллі Анастасія вучыцца на першым курсе ў Акадэміі МУС.
Ілля Лухвіч — сын футбольнага трэнера Аляксандра Лухвіча.