Гадзіннік за $45 тысяч на адрамантаванай Камсамольскай не працуе
Гадзіннік за 96 тысяч рублёў, устаноўлены на скрыжаванні вуліцы Камсамольскай і Рэвалюцыйнай у Мінску, не працуе.
"Я штодня праходжу міма і заўважыў, што стрэлкі не рухаюцца ўжо мінімум другі дзень. Я ведаю, што на гадзіннік патрацілі нейкія сотні тысяч, ці то рублёў, ці то еўра. А тут, мала таго, што механізм у іх — бутафорыя, дык яшчэ і не працуе", — распавядае Еўрарадыё Міхаіл, які працуе ў офісе на вуліцы Камсамольскай.
Галоўны інжынер "Мінскай спадчыны" Міхаіл Жых апынуўся не ў курсе паломкі:
Еўрарадыё: Міхаіл Іосіфавіч, што здарылася з гадзіннікам на скрыжаванні Камсамольскай і Рэвалюцыйнай? Ён ўжо некалькі дзён не працуе.
(Доўгая паўза)
Міхаіл Жых: Вось вы заўважылі, а мы і не ведалі. Будзем разбірацца.
Офіс "Мінскай спадчыны" знаходзіцца менш як у 500 метрах ад скрыжавання, на якім стаіць непрацуючы гадзіннік.
На рэканструкцыю гістарычнага цэнтра Мінска было выдаткавана каля 2,3 мільёна рублёў. І гэта толькі па тых тэндарах на дзяржзакупкі, якія знайшлі журналісты. Праз некалькі дзён пасля таго, як вуліцы адкрылі для мінакоў, на іх — якраз у тым месцы, дзе стаіць гадзіннік — здарыўся патоп.
Таксама мінчукоў абурылі больш за 600 слупкоў і ланцугі, якімі абгарадзілі пешаходную зону, указальнікі з памылкамі ў назвах, нятанныя гранітныя кветачніцы, некаторыя з якіх стаялі проста на газонах, і ліхтарныя слупы, пастаўленыя па два замест аднаго.