Галоўчанка: авіяблакада будзе мець эканамічныя наступствы для Беларусі

Галоўчанка: авіяблакада будзе мець эканамічныя наступствы для Беларусі

Ва ўмовах заходняга ціску беларускія ўлады разлічваюць на дапамогу Расіі. Пра гэта прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў падчас сустрэчы са старшынёй урада Расіі Міхаілам Мішусціным

Галоўчанка згадаў авіяблакаду, якую пачалі заходнія краіны пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску. У прыватнасці, ён сказаў пра рэйс "Белавія" Мінск — Барселона, які 26 траўня Францыя не прапусціла ў сваю паветраную прастору і які быў вымушаны вярнуцца ў Мінск.

"Такія меры будуць мець эканамічныя наступствы для нашай краіны. У такой сітуацыі мы, вядома, разлічваем на падтрымку бліжэйшага саюзніка — Расійскай Федэрацыі",цытуе БЕЛТА словы Галоўчанкі.

Ён прапанаваў аднавіць поўнамаштабныя авіязносіны паміж Беларуссю і Расіяй і павялічыць колькасць рэйсаў. Таксама беларускі прэм'ер прапанаваў запусціць новыя рэйсы з Беларусі — у аэрапорты Сочы і Краснадара. 

Кіраўнік беларускага ўрада паскардзіўся расійскаму прэм'еру на тое, што ЕС пагражае Беларусі сектаральнымі санкцыямі. "Заходнія краіны разглядаюць у якасці пунктаў ціску тыя галіны эканомікі, якія робяць важкі ўнёсак у ВУП. Гэта нафтаперапрацоўка, вытворчасць угнаенняў і іншыя сектары", — патлумачыў Галоўчанка. 

Ён дадаў, што такія рашэнні закранаюць і расійскія інтарэсы. У прыватнасці, пад забарону можа трапіць экспарт угнаенняў і транзіт расійскага газу праз Беларусь. "Відавочна, гэта накіравана на тое, каб забараніць закупку з газаправодаў, якія праходзяць па Беларусі, якія належаць Расійскай Федэрацыі. Гэта Ямал — Еўропа і газатранспартная сістэма "Газпрам трансгаз Беларусь", — дадаў кіраўнік беларускга ўрада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі