Галоўнага рэдактара "Рэгіянальнай газеты" вінавацяць у "дыскрэдытацыі Беларусі"
Аляксандр Манцэвіч / "Рэгіянальная газета"
Галоўнаму рэдактару маладзечанскай "Рэгіянальнай газеты" Аляксандру Манцэвічу інкрымінуюць арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), паведамляюць праваабаронцы "Вясны".
Яго вінавацяць у "распаўсюдзе заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады".
Следчыя заяўляюць, што з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года Манцэвіч разам з іншымі супрацоўнікамі рэдакцыі распаўсюджваў гэтыя звесткі ў друкаваным выданні і на інтэрнет-рэсурсах.
"У артыкулах змяшчалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясенне ўрону нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фармаванне ілжывых уяўленняў аб невыкананні ў рэспубліцы правоў і свабод грамадзян", — пералічваюць следчыя "правіны" Манцэвіча.
У 2022 годзе ўлады абвясцілі сайт "Рэгіянальнай газеты" экстрэмісцкім. Пасля гэтага выданне пачало абнаўляць толькі сацсеткі.
Як распавядала Еўрарадыё, 15 сакавіка дома ў галоўрэда газеты адбыўся ператрус. Манцэвіча затрымалі — спярша на трое сутак, а потым перавялі ў следчую турму ў Жодзіна. На яго пачалі крымінальную справу, сутнасць якой дагэтуль была невядомая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.