Ганарар гандбаліста за кожную перамогу на чэмпіянаце свету ― 27,5 мільёнаў
Еўрарадыё разбіралася, чаму гульцы зборнай Беларусі не атрымалі прэмій за выхад у фінальную стадыю і што матывуе хлопцаў выступаць за зборную.
Гандбалісты зборнай Беларусі, якія другі раз запар згуляюць у фінальнай стадыі чэмпіянату свету, не атрымаюць за выхад з кваліфікацыі прэмій ад дзяржавы. Пра гэта пасля вырашальнай перамогі над чарнагорцамі паведаміў наш лідар і капітан Сяргей Рутэнка.
Удакладняем у Беларускай федэрацыі гандболу, ці будуць выплачвацца нейкія ўзнагароджванні за гэта дасягненне.
“Магчыма, будуць нейкія прэміяльныя, але гарантаваць гэтага не можам, ― паведамляюць Еўрарадыё у прыёмнай БФГ. ― Залежыць ад таго, якое будзе фінансавае становішча, як вырашыць кіраўніцтва Федэрацыі. Улічыце, што мы грамадская арганізацыя. Тэарэтычна, БФГ можа выплачваць прызавыя, але канкрэтнага правіла на гэты конт няма. А тое, што ў Мінспорту гандбалістаў зборнай пазбавілі прызавых за выхад у фінальную стадыю, гэта праўда”.
Прэс-сакратар Міністэрства спорту Уладзімір Несцяровіч пацвердзіў Еўрарадыё, што прызавыя за кваліфікацыйныя турніры сапраўды не выплачваюцца і патлумачыў, чаму склалася такая сітуацыя. Аказваецца, гэта здарылася пасля выхаду дзяржаўнага закона, накіраванага на… заахвочванне нацыянальных каманд да перамог у фінальных стадыях чэмпіянатаў свету і Еўропы. Гутарка вядзецца пра Указ прэзідэнта № 190 “Аб мерах па стымуляванні дасягнення высокіх спартовых вынікаў”, які быў падпісаны летась у красавіку.
“У законе вядзецца гаворка пра тое, што за перамогі ў кваліфікацыйных турнірах нейкіх матэрыяльных бонусаў на самай справе няма, ― кажа Уладзімір Несцяровіч. ― Калі ж гаворка ідзе пра фінальныя стадыі чэмпіянатаў, то сума матэрыяльных узнагарод значна павялічылася ў параўнанні з тым, што было раней”.
Прывязка ў выплаце прызавых робіцца да тарыфнай стаўкі першага разраду (ТСПР), якая сёння складае 275 тысяч рублёў. За перамогі ў любой гульні фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы кожны ігрок атрымае суму ў памеры 60 ТСПР (на сёння гэта 16,5 мільёнаў рублёў). За нічыю ― 30 ТСПР (8,25 мільёна рублёў). За перамогу ў матчы чэмпіянату свету кожны гулец атрымае 100 ТСПР (27,5 мільёнаў рублёў), за нічыю ― 50 ТСПР (13,75 мільёнаў рублёў).
Зазіраць у кішэню нашым слаўным гандбалістам непрыгожа. Але для разумення справы патлумачым, што зарабляюць яны у пераважнай большасці як шараговыя футбалісты сярэдняга клубу чэмпіянату Беларусі. То бок, няшмат. Параўноўваць з хакеем і сэнсу няма. Выключэнне з правілаў ― сусветная суперзорка гандболу Сяргей Рутэнка.
Аднак гандбаліст Дзмітрый Нікуленкаў, адзін з лідараў нацыянальнай зборнай Беларусі, на сваё бясплатнае выступленне ў кваліфікацыі не наракае:
“Гэта праўда, мы нічога не атрымалі за гэта. Але я не думаю, што хлопцы едуць у зборную зарабляць грошы. Усё ж, мы прадстаўляем краіну, гэта прыемна. А добрыя грошы мы зарабляем у клубах. Вядома, хацелася б нешта атрымліваць, але ў нас за кваліфікацыю гэтага няма”.
Еўрарадыё: “А якая ваша галоўная матывацыя выступаць за зборную?”
Дзмітрый Нікуленкаў: “Гэта Алімпіяда. Пяць гадоў таму, калі Юрый Анатольевіч Шаўцоў прыйшоў у каманду, нас агаломшылі яго словы: “Рабяты, праз два гады мы будзем выступаць на Еўропе і на свеце”. Мы яму не верылі. Але здарылася так, што мы трапілі ўжо на тры топ-турніры і цяпер імкнёмся там перамагаць і марым пра выхад на Алімпіяду”.
Фота handball.by