Гендырэктар "МотаВелаЗавода" збіраецца парадаваць Лукашэнку толькі ў 2029 годзе

Сяргей Манько справа ад Наталлі Качанавай / sb.by
Гендырэктар "МотаВелаЗавода" Сяргей Манько збіраецца парадаваць Аляксандра Лукашэнку толькі ў... 2029 годзе. Ён абяцае, што тады "ўзровень лакалізацыі вытворчасці складзе не менш за 50 адсоткаў". Пра гэта Манько ў сераду паведаміў на нарадзе старшыні Савета Рэспублікі і ўпаўнаважанай прадстаўніцы Лукашэнкі ў сталіцы Наталлі Качанавай. Яна з 2022-га на нарадах слухае пра "лакалізацыю" на "МотаВелаЗаводзе".
Усё пачалося з візіту на прадпрыемства ў жніўні 2022-га Аляксандра Лукашэнкі. Ён абурыўся, што з беларускага ў матацыкле "Мінск" толькі шыльдачка, усё астатняе — кітайскае. У выніку Качанава праводзіць рэгулярныя нарады, прысвечаныя працы прадпрыемства і "выхаду на больш высокі ўзровень лакалізацыі". "Тое, што вы, кожны з вас, абяцалі [Аляксандру Лукашэнку], — усё павінна быць зроблена", — строга сказала яна прысутным у кастрычніку 2023-га.
Сяргей Манько змяніў на "МотаВелаЗаводзе" Мікалая Ладуцьку ў кастрычніку 2022-га. Дагэтуль праводзіцца рэканструкцыя вытворчых памяшканняў і набываецца новае абсталяванне. І "лакалізацыя" паціху павялічваецца. Да 2029-га ж далёка. І невядома, дзе тады будзе Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.