"Гэта не праява вялікадушнасці" — эксперты пра візіт Лукашэнкі ў СІЗА КДБ
Сустрэча Лукашэнкі і палітвязняў / "Пул Первого"
10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся са зняволенымі экс-банкірам і прэтэндэнтам у прэзідэнты Віктарам Бабарыкам, яго сынам Эдуардам, прадстаўніцай Каардынацыйнай рады Ліліяй Уласавай, адвакатам Іллёй Салеям, топ-менеджарам PandaDoc Зміцерам Рабцэвічам і іншымі. ТГ "Пул Первого" падаў гэта такім чынам, што нібыта Лукашэнку было цікава, што палітвязні скажуць наконт Канстытуцыйнай рэформы, якую ён хоча правесці. Але ці так усё проста?
Палітычны аналітык Арцём Шрайбман мяркуе, што 80% легітымнасці даюць права лідару краіны рабіць рэформы без парадаў з тымі, хто сядзіць у турме:
"Лідарам, якія моцна стаяць на нагах, не патрэбны дыялог з крымінальнікамі. Манапалісту на рынку не трэба ні з кім гандлявацца. 80% легітымнасьці даюць права рабіць рэформы без паходу ў СІЗА".
Дырэктар па даследаваннях цэнтра EAST эксперт iSANS Андрэй Елісееў запэўнівае, што візіт Лукашэнкі ў СІЗА КДБ гэта не праява вялікадушнасці, а "адчайная спроба разведаць магчымасць абмену палітвязняў на "пераварочванне старонкі" Захадам:
"Сутнасць гульні ў тым, каб палітвязні легітымізавалі працэс "канстытуцыйных пераўтварэнняў" у якасці намаганняў Лукашэнкі па пераадоленні палітычнага крызісу. І каб, ставячы на вызваленне шэрагу зняволеных і патрэбныя заявы з іх боку, Захад закрыў вочы на найвялікшыя фальсіфікацыі і беззаконне, прызнаў Лукашэнку "гарантам суверэнітэту" і не грэбаваў аказаць Беларусі макрафінансавую дапамогу ў імя прадухілення "паглыбленай інтэграцыі" з Расіяй на ўмовах апошняй".
Павел Усаў, кіраўнік варшаўскага Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу доктар палітычных навук, мае восем версій таго, што адзачае раптоўная сустрэча Лукашэнкі з апанентамі. Але яго асноўнае думка — не варта верыць кіраўніку Беларусі. Вось некаторыя з версій:
"Сітуацыя крытычная, нягледзячы на марныя намаганні і тэрор становішча ў краіне далёкае ад стабільнага. Неабходна зняць напружанне і супакоіць пратэсты;
Ілюзія дыялогу ў "рамках адной турмы". Прапанова "зняволеным" увайсці ў палітычны пул і асвяжыць легітымнасьць, альбо сесці надоўга. Ёсць верагоднасць пачуць ад зняволеных заявы пра мудрасць Лукашэнкі і заклікі да прымірэння;
Дэзарыентацыя і раскол ўнутры пратэстнага руху;
Перафарматаванне вобраза жалезнага правадыра, на добрага цара;
Проста паспяховы ход, каб затлуміць ўсім галаву".
Кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін перакананы, што неўзабаве будзе рэалізаваны "пуцінскі" сцэнар наконт транзіту ўлады ад Лукашэнкі да Бабарыкі:
"Кампрамісная фігура Віктара Бабарыкі, якая абмяркоўвалася яшчэ на першай паслявыбарнай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, зноў у гульні".
Філосаф Уладзімір Мацкевіч кажа, што сустрэча — гэта прыклад таго, што чакае краіну, калі Лукашэнка застанецца ёй кіраваць.
"Схема дыялогу выглядае так. Лукашэнка Караеву:
— Арыштуйце мне гэтага, яшчэ гэтага, і гэтую! Апраніце на іх кайданкі і ўстаўце кляп. Я хачу з імі дыялог правесці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.