Гісторык: Зацвярджэнне ахоўных зон Курапатаў узаконьвае “Бульбаш-хол"

Міністэрства культуры зацвердзіла праект ахоўных зон мемарыяла “Курапаты”. Да рэстараннага комплексу, які першапачаткова называўся “Бульбаш-хол”, будзе 50 метраў, што ўзаконьвае яго знаходжанне па суседству з мемарыялам. Пра гэта Еўрарадыё распавёў гісторык Ігар Кузняцоў:

“Раней атрымлівалася, што дамкі “Бульбаш-хола” пабудаваныя ў часовай ахоўнай зоне, якую зацвердзілі ў 2004 годзе. Зараз атрымліваецца, што ён можа фунцыяніраваць на законнай падставе. Раней пракуратура вынесла прадпісанне, што будаўніцтва домікаў — з парушэннямі. А зараз усё ўзаконена”.

Атрымліваецца, што ахоўная зона з боку рэстараннага комплексу зменшылася з 100 да 50 метраў. Ахоўная зона з боку “Экспабела” — больш за 100 метраў. Там можа з’явіцца выставачны комплекс. На думку Ігара Кузняцова, ён можа закрануць “дарогу смерці”.

Скандал вакол будаўніцтва каля Курапатаў на ўскраіне Мінска, месца масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, пачаўся ў 2012 годзе. Якраз тады сталі будаваць рэстаранны комплекс каля мемарыялу. Спярша будаўніцтва было замарожана пад уплывам грамадскасці, пасля пракуратура вынесла прадпісанне аб зносе некалькіх дамкоў “Бульбаш-хола”. Грамадскія актывісты звярталіся ў суд, каб пракуратура выканала сваё прадпісанне, а дамкі знеслі. Але суд не стаў на бок заяўнікоў.

На здымку ахоўныя зоны пазначаны фіялетавым, у іх будаўніцтва забаронена. Жоўты — зоны рэгуляванай забудовы.

Мінкультуры зацвердзіла праект зон аховы ўрочышча Курапаты

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі