Гісторыя аднаго фэйка. Як пракуратура пужае арганізатараў дзіцячага адпачынку
Пракурорскія "закрываюць" лагер пад Лідай
Па ТБ расказалі, як закрылі "стыхійны намётавы лагер" пад Лідай. Але чамусьці прамаўчалі, што гэта адбылося год таму.
Сёлета Генпракуратура выступіла супраць "нелегальных дзіцячых лагераў". Прасцей кажучы — супраць таго, каб нехта вывозіў групы дзяцей на прыроду без кантролю з боку ўладаў. Пра гэта паказалі сюжэт па "РТР Беларусь". Там старшы пракурор Кацярына Нагорная заявіла, што ведамства "запатрабавала выключыць функцыянаванне стыхійных лагераў гэтым летам".
У гэтым жа сюжэце карэспандэнтка Вераніка Белазаровіч распавяла пра закрыццё "стыхійнага лагера" ў Лідскім раёне, дзе адпачывалі 55 дзетак. "Дзеці спалі на падлозе, а ў лядоўні знайшлі жывую прыкормку для рыб побач з прадуктамі харчавання", — пужае яна.
Кадры, якія пры гэтым паказваюць, знятыя год таму, у чэрвені 2023 года. Менавіта тады ўлады закрылі лагер "Хрысціянскай садружнасці дарослых і маладых" у вёсцы Панямонцы. Тут адпачывалі 55 дзетак. А ў лядоўні знайшлі прыкормку для рыб. Супадзенні заўважыў ютуб-канал @RussiaBelarusEnglish.
Мэта ўладаў відавочная: напужаць арганізатараў дзіцячага адпачынку і ўзяць усё пад свой кантроль. І дзеля гэтага яны гатовыя хлусіць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.