Чыноўнікі: для дзяцей два тыдні ў летніку карыснейшыя за тыдзень на моры
Дзіцячы летнік "Беларусь"
Два тыдні ў аздараўленчым летніку для дзіцяці будуць карыснейшыя, чым тыдзень на моры. Так мяркуе галоўны ўрач Рэспубліканскага дзіцячага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі Святлана Маслоўская. Яе словы прыводзіць БЕЛТА.
Сваю пазіцыю Маслоўская абгрунтавала тым, што паездка на мора патрабуе адаптацыі, і гэты перыяд можа доўжыцца да тыдня. Яшчэ тыдзень патрэбны на адаптацыю пасля вяртання. Калі і ехаць на мора, то трэба планаваць адпачынак на працягу трох тыдняў, адзначыла яна. Акрамя таго, такія паездкі лепш планаваць у цёплы час года. "Калі вяртаемся, дапусцім, у лістападзе, кастрычніку, атрымліваем часам зваротны эфект", — адзначыла Маслоўская. Калегу падтрымаў і намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай. Ён больш падрабязна расказаў пра аздараўленчы эфект, які дае дзіцячы летнік.
"Для дзяцей мы арганізоўваем дыетычнае харчаванне, правільнае збалансаванае двухтыднёвае меню. З раніцы зарадка, шэраг іншых мерапрыемстваў", — заявіў ён. У якасці іншых перавагаў летніка (у процівагу адпачынку на моры) чыноўнік таксама назваў гуртковую працу, удзел у розных мерапрыемствах, прагляд кіно і наведванне месцаў баявой славы.
Нагадаем, сёлета ў Беларусі скарацілі змены ва ўсіх дзіцячых летніках. Замест звыклых 18 або 21 дня яны будуць доўжыцца 15. Чыноўнікі кажуць, што гэта было зробленае, каб аздаравіцца змагла большая колькасць дзяцей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.