Голы памерлы мужчына знойдзены ў полі ў Светлагорскім раёне
Голага памерлага мужчыну знайшлі зранку 27 лістапада ў полі каля вёскі Высокі Полк у Светлагорскім раёне. Падрабязнасці здарэння агенцтву БЕЛТА распавёў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гомельскай вобласці Руслан Габрылёў.
Паводле высноваў экспертаў, мужчына памёр ад пераахаладжэння ў ноч з 26 на 27 лістапада. Цела яго знайшоў мясцовы жыхар.
Загінулы — 68-гадовы пенсіянер, жыхар Парычаў Светлагорскага раёна. Паведамляецца, што мужчына пражываў адзін, злоўжываў спіртнымі напоямі.
Аператыўнікі агледзелі прылеглую тэрыторыю. Мяркуючы па слядах, мужчына ішоў адзін, у яго была няўпэўненая хада, ён блукаў па полі і неаднаразова падаў, удакладняе gp.by.
Па словах Габрылёва, аператыўнікі высветлілі, што напярэдадні ўвечары мужчыну бачылі ў гарадскім пасёлку п'яным. Ён ішоў уздоўж дарогі. Хаця пенсіянер слаба арыентаваўся ў прасторы, пастаянна падаў і ствараў пагрозу аўтамабілістам, міліцыю ніхто не выклікаў.
Праверку гэтага інцыдэнту праводзіць Светлагорскі райаддзел Следчага камітэта.