Гомельскага блогера, які падпаліў сябе і скокнуў у фантан, аштрафавалі

Гомельскага блогера, які падпаліў сябе і скокнуў у фантан, аштрафавалі

Міліцыя знайшла і аштрафавала гомельскага блогера Ігара Кіржанава (нікнэйм KIRZH), які падпаліў сябе і скокнуў у фантан. Fire challenge здымалі на відэа, якое хутка разляцелася па інтэрнэце. 

Непаўнагадовага блогера выклікалі ў міліцыю і правялі з ім прафілактычную размову. Яго бацькоў абавязалі  выплаціць штраф за дробнае хуліганства. Адміністрацыйнае пакаранне атрымаў і сябар падлетка, які дапамагаў яму зладзіць чэлендж, піша TUT.by.

У размове з Еўрарадыё блогер распавёў, што яго кумір — скандальны ўкраінец Андрэй Мартыненка, які дамогся папулярнасці правакацыйнымі выхадкамі:

Еўрарадыё: Не апёкся, калі сябе падпальваў?

Ігар Кіржанаў: Я заўжды ўсё разлічваю. Ёсць, канешне, пагрэшнасць 1-2%. Але я разлічыў час і адлегласць. На мне была не адна вопратка. Нейкая была сухая, нейкая — вільготная. Так што я не пацярпеў зусім.

Еўрарадыё: Бацькі ведаюць, чым ты займаешся?

Ігар Кіржанаў: Мне падаецца, маме будзе за мяне сорамна. Бо які нармальны дзіцёнак будзе сябе падпальваць? Але я ўжо казаў пра кансерватыўнасць, не ўсе нас зразумеюць. Бацькі, напэўна, ніколі не будуць мяне разумець і такіх як я.

"Яму [Ігару Кіржанаву. — Еўрарадыё] было прапанавана накіраваць сваю энергію ў больш карыснае рэчышча. Напрыклад, паўдзельнічаць у творчых гарадскіх мерапрыемствах, папрацаваць валанцёрам. Хлопец абяцаў падумаць", — распавёў афіцыйны прадстаўнік гомельскай міліцыі Віталь Прыстромаў.

Кіржанаў кажа, што да апошняга выпадку, калі ім зацікавілася міліцыя, бацькі не ведалі, чым ён займаецца ў вольны час. На дадзены момант усе відэа, што былі на Youtube-канале хлопца, выдаленыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі