Гомельскія ідэолагі забаранілі тэатральную афішу за "змрочнасць"
Гомельскі моладзевы тэатр падрыхтаваў на 26 траўня для гараджан прэм'еру спектакля "Дзе адступаецца каханне..." паводле п'есы А.Валодзіна "З каханымі не расставайцеся...".
Дзеянне пастаноўкі адбываецца пераважна ў вар'ятні, таму тэатр вырашыў папіярыць спекталь адпаведнай афішы. На ёй — заплаканая галоўная гераіня ва ўціхамірвальнай кашулі ў сценах вар'ятні.
Аднак аддзел ідэалогіі гомельскага гарвыканкама гэтую афішу забараніў, піша tut.by. Чыноўнікі патлумачылі забарону тым, што афіша "занадта змрочная". Яны прапанавалі прыбраць сінякі ў дзяўчыны і замяніць яе вопратку на касцюм. Артысты лічаць, што такая афіша не будзе адпавядаць зместу.
У тэатры падрыхтавалі новую афішу — белы аркуш з назвай спектакля. Аднак у рэкламнай службе палічылі, што белая афіша будзе прывабліваць вандалаў, і яе размалююць. Урэшце аўтары спектакля замянілі белы фон на чырвоны.
У тэатры кажуць, што вельмі разлічвалі на забароненую афішу, бо яна магла прывабіць публіку напрыканцы тэатральнага сезону. Цяпер у тэатры сумняюцца, што нехта прыйдзе да іх на прэм'еру.