Грамадзянства ЕС каштуе ад 250 тысяч еўра да 3 мільёнаў

Мальта будзе гандляваць сваім грамадзянствам. 12 кастрычніка там прынялі закон, які дазволіць замежнікам, неграмадзянам ЕС, за 650 тысяч набыць мальтыйскі пашпарт. Паводле словаў прэм’ер-міністра краіны Джозэфа Муската, мэтай новага праекта з’яўляецца павышэнне даходаў і прыцягненне “асабліва каштоўных людзей”, якія будуць інвеставаць у мясцовую эканоміку. Вось што піша Der Spiegel:

“Мускат падлічыў, што каля 45 новых грамадзян заплацяць за год 30 мільёнаў еўра. Кампанія Henley and Partners, якая будзе прымаць дакументы, разлічвае атрымоўваць 200-300 заявак у год”.

У прынцыпе, не толькі Мальта стараецца зарабляць, прадаючы свае пашпарты альбо сталыя віды на жыхарства. Напрыклад, той хто стала жыве ў Балгарыі і інвестуе тут 500 тысяч еўра, мае права атрымаць грамадзянства. Каб стаць грамадзянінам Венгрыі, трэба набыць дзяржаўныя аблігацыі на суму не менш за 250 тысяч еўра.

Вясной улады Кіпра заявілі, што грамадзянства астраўной дзяржавы могуць атрымаць укладчыкі мясцовых банкаў, якія падчас банкаўскага крызісу згубілі больш за 3 мільёны еўра. То бок кіпрыёцкі пашпарт абыдзецца амаль у пяць разоў даражэй, чым мальтыйскі.

Іспанія збіраецца выдаваць сталы від на жыхарства тым, хто набудзе дом даражэйшы за 160 тысяч еўра. Уладальнік такога віду мае амаль тыя ж правы, што і грамадзянін, толькі не можа выбіраць і быць абраным. Іспаніі прыйдзецца канкураваць з іншымі краінамі, у якіх ужо дзейнічае такая схема, піша канадскае выданне The Star:

“Гэтая прапанова будзе канкураваць з прапановамі іншых краін, якія цяпер ратуюцца ад крызісу, Ірландыі і Партугаліі, дзе дазвол на жыхарства прапануюць замежнікам, якія набылі дамы не менш, чым за 400 і 500 тысяч еўра адпаведна”.

Даволі танна каштуе нерухомасць у Латвіі. Каб атрымаць від на жыхарства ў прыбалтыйскай краіне, трэба набыць нерухомасць не менш чым за 140 тысяч еўра ў Рызе, альбо як мінімум на 70 тысяч еўра ў сельскай мясцовасці. Можа таму беларусы актыўна набываюць жыллё ў Латвіі? Амаль за тры з паловай гады нашы суайчыннікі заключылі тут 158 здзелак, звязаных з нерухомасцю.

У той жа час, каб атрымаць беларускае грамадзянства, замежнік мусіць пражываць у нашай краіне 7 гадоў, мець законную крыніцу даходаў і валодаць прынамсі адной з дзяржаўных моваў. Ці можна ў Беларусі “набыць” грамадзянства па прыкладзе краін Еўрасаюза?

“Нікому такога не гаварыце. Натуральна, не! — разбівае ілюзіі і адначасова смяецца супрацоўніца аддзела па грамадзянстве і міграцыі аднаго з мінскіх РАУС. — У нас няма такога. У нас нічога не прадаецца”.

Фота: gov.mt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі