"Гродна Азот"пастаўляла прадукцыю ва Украіну насуперак санкцыям
"Гродна Азот"
Прадукцыя беларускага прадпрыемства "Гродна Азот" пастаўлялася ва Украіну, хаця на само прадпрыемства накладзеныя санкцыі і самой Украіны і ЕС, перадае "Радыё Свабода".
Мінеральныя ўгнаенні пастаўляліся пад выглядам прадукцыі з Туркменістана. Пастаўкамі займалася кампанія, зарэгістраваная ў Аб’яданых Арабскіх Эміратах грамадзянамі Турцыі. Следчыя раскрылі гэтую схему падчас расследавання крымінальнай справы супраць украінскай кампаніі "Оскар Оптіма", якая займалася пастаўкамі і рэалізацыяй ва Украіне беларускіх мінеральных угнаенняў.
Паведамляецца, што прадукцыя "Гродна Азота" ішла чыгункай у порт расійскага горада Растоў. Адтуль яе перапраўлялі ў порт балгарскага горада Бургас, дзе ўгнаенні фасавалі па мяхах і потым перавозілі ў порт балгарскага горада Русе на рацэ Дунай. Пасля гэтага на караблях беларускія ўгнаенні перавозілі ў Ізмаільскі марскі порт. Там іх афармлялі па мытных сертыфікатах з Туркменістана, хаця прадпрыемствы гэтай краіны ўвогуле не вырабляюць такія ўгнаенні.
Украінскія следчыя выявілі назвы ўсіх сухагрузаў, на якіх беларускія ўгнаенні перавозілі з Балгарыі — White Star, Marina, Dobrich, Danimex 3, Leda, Paul P. Увесну 2023 года ва Украіну завезлі такім чынам 4900 тон прадукцыі. Угнаенні з першых чатырох суднаў паспелі перавезці ў горад Дніпро і частку нават прадаць.
Яшчэ 4506 тон вадкіх мінеральных угнаенняў ў сярэдзіне красавіка 2023-га ў Ізмаільскі порт даставілі тры баржы — "627", "490", "DDS-1". Яны прывезлі беларускую прадукцыю з румынскага порта Канстанца.
"Гродна Азот" трапіла пад санкцыі ЕС у снежні 2021 года за палітычныя звальненні работнікаў. Украіна ўвяла сакнцыі супраць прадпрыемства пасля таго, як Лукашэнка падтрымаў шырокамаштабную расійскую агрэсію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.