Хіты гуртоў "Мроя", N.R.M., ZET і Volski – у адным канцэрце
26 кастрычніка ў клубе Prime Hall адбудзецца ўнікальны канцэрт Лявона Вольскага. Падчас яго загучаць хіты гуртоў "Мроя", N.R.M., ZET і VOLSKI. Такім чынам Лявон Вольскі адсвяткуе юбілейныя даты сваіх музычных праектаў.
Першы гурт музыкі – "Мроя" – выйшаў на вялікую сцэну 35 гадоў таму, падчас фестывалю ў Траецкім прадмесці, і на доўгія гады заняў месца лідара айчыннай рок-сцэны.
25 гадоў таму з’явіўся N.R.M. – найпапулярнейшы беларускі гурт мяжы тысячагоддзяў, які, нягледзячы на часта змрочныя тэксты, даваў надзею на лепшае некалькім пакаленням.
20 гадоў таму нарадзіўся, бадай, самы таямнічы гурт беларускай сцэны – ZET.
У 2014 годзе выданнем жорсткага і бескампраміснага альбома Hramadaznaŭstva Лявон Вольскі прэзентуе свой новы праект VOLSKI. Сёлета праект адзначае сваё 5-годдзе.
“Гэты канцэрт будзе адным з самых цікавых: чатыры аддзяленні, кожнае з якіх цалкам прысвечанае аднаму з гуртоў. Варта будзе згадаць даўно не граныя песні, прапрацаваць паўнавартаснае шоу, якое паглыбіць гледача ў атмасферу таго ці іншага часу. Магчыма, атрымаецца знайсці ў шафе тыя самыя касцюмы”, – кажа Лявон Вольскі.