Хлопца, які заляпіў стыкерамі відэакамеры на Акрэсціна, асудзілі на 1,5 года
17 лютага суд Фрунзенскага раёна Мінска вынес прысуд 21-гадоваму палітвязню Ігару Пражэннікаву (ч. 1 арт. 342 КК).
Як піша праваабарончы сайт "Вясна", хлопца судзілі за "Маршы вызвалення палітвязняў", які прайшоў 4 кастрычніка. Паводле абвінавачання, ён блакаваў рух счэпкамі, заляпляў налепкамі відэакамеры каля ЦІП і ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама на Акрэсціна, чым прыпыніў працу гэтых ўстановаў, а таксама блакаваў рух спецтранспарту на Акрэсціна.
У віну яму паставілі прыпыненне руху амаль 50 транспартных сродкаў. Як заявіў прадстаўнік "Мінсктранса", шкода склала 18 624 рублёў 45 капеек.
Падсудны цалкам прызнаў сваю віну. У сваім апошнім словае хлопец сказаў: "Калі скажу, што я паддаўся натоўпу — не саграшу. Гэта быў юнацкі максімалізм. Я не апазіцыянер, не рэвалюцыянер, я не нясу ідэі ў масы. За кратамі прыйшло асэнсаванне, што я патрэбны толькі сваёй сям’і, маці. Віну цалкам прызнаю, шкадую пра тое, што зрабіў".
Суддзя Юлія Чыж прысудзіла Ігару Пражэннікаву 1,5 года калоніі агульнага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.