Хлопчык, якога выцягнулі з вады, памёр у машыне хуткай меддапамогі
Хлопчык, якога выцягнулі з вады, памёр у машыне хуткай меддапамогі. Трагічнае здарэнне адбылося каля вёскі Гаразянкі Лепельскага раёна. Увечары 26 сакавіка двое братоў ва ўзросце 3 і 5 гадоў, гулялі без нагляду каля хаты. Яны адыйшлі на 300 метраў і апынуліся каля сажалкі (яе памеры — 4,5 на 5 метраў). Малодшы хлопчык выйшаў на лёд і праваліўся. Яго брат паклікаў бацьку, які выцягнуў сына з вады.
Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца Упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова, мужчына павёз хлопчыка на ўласным аўтамабілі ў вёску Слабада, дзе ёсць фельдшарска-акушэрскі пункт. Ужо туды была выкліканая хуткая. Хлопчык памёр у ёй па дарозе ў гарадскую бальніцу.
Лепельскі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку ўсіх абставін здарэння, апытваюцца сведкі, прызначаныя экспертызы.