Хлопчыка, які выратаваў на пажары сясцёр, выпісалі з Маларыцкай бальніцы
З Маларыцкай раённай бальніцы выпісалі 13-гадовага Багдана, які выратаваў на пажары сваіх малалетніх сясцёр, перадае БЕЛТА.
Як распавядала Еўрарадыё, здарэнне адбылося 11 лютага ў аграгарадку Макраны. Дом, дзе спалі трое дзяцей, загарэўся, калі бацькі былі на працы. Да прыезду ратавальнікаў Багдан разбіў акно і выцягнуў сваіх маленькіх сясцёр на свежае паветра.
Лекары шпіталізавалі падлетка і яго шасцігадовую сястру, якая надыхалася чадным газам. У хлопца былі множныя парэзы ад аскепкаў: швы на іх накладалі амаль паўтары гадзіны. Дзяўчынка атрымлівала кіслародную тэрапію.
Іх трохгадовая сястра не пацярпела.
"Нашы лекары паназіралі дзяцей тыдзень. Яны паспяхова прайшлі лячэнне і іх выпісалі дадому", — расказаў галоўны лекар Маларыцкай ЦРБ Пётр Селівонік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.