Ізраільская адвакатка — з беларускага СІЗА: "Я перажываю пакутлівую агонію"
У ізраільскіх СМІ з'явіўся ліст адвакаткі Маі Райтэн-Столь, якую трымаюць у мінскім СІЗА на вуліцы Валадарскага.
Месяц таму жанчыну затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск", калі яна прыялцела для юрыдычнай дапамогі ізраільскаму бізнесоўцу. Пры сабе жанчына мела 2,5 грама канабісу. У яе быў ізраільскі дазвол на наркатычнае рэчыва для медэцынскіх мэтаў, але ў Беларусі гэты дакумент не мае сілы.
"Я не магу больш заставацца тут, я не працягну доўга. Я перажываю пакутлівую агонію, выкліканую клопатамі пра маіх дзяцей, маіх любімых бацькоў, якія немаладыя... Я адрэзаная ад любых зносінаў з навакольным светам", — піша жанчына ў сваім лісце. Дома яе чакаюць двое дзяцей.
У камеры з Маяй знаходзяцца тры жанчыны, але ніводная з іх не ведае англійскай, таму адвакатцы няма з кім пагаварыць.
Таксама яна паведаміла, што кожны дзень ёй робяць укол, але беларускія лекі не дапамагаюць ад яе хранічных хвароб, а ізраільскіх няма.
Мая Райтэн-Стольпросіць ізраільскіх чыноўнікаў дапамагчы вызваліць яе з-за кратаў.
У МЗС Ізраіля кажуць, што жанчыну наведаў амбасадар Ізраіля ў Беларусі Алекс Гольдман-Шэйман, а чыноўнікі МЗС трымаюць кантакты з сям'ёй і юрыстамі ў Ізраілі і Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.