Калі зацвіце гнілая кветка і што яшчэ выкіне Трамп — #ІхНоравы

#ІхНоравы

#ІхНоравы / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Вы ўжо абмеркавалі "нацысцкае прывітанне" Ілана Маска? Не будзем доўга затрымлівацца на гэтай тэме і пяройдзем да іншых важных навін з міжнароднага парадку дня.

 

Хваля памілаванняў (не ў Беларусі)

Прайшла інаўгурацыя Дональда Трампа, і новы стары прэзідэнт узяўся за працу. Ён ужо падпісаў шэраг указаў, да якіх цяпер прыглядаецца ўвесь свет.

І ўжо памілаваў тых, каго суд прызнаў вінаватымі ў беспарадках у Капітоліі. Да гэтага, вядома, шмат пытанняў. Напрыклад, пытанні ёсць у начальніка паліцыі Капітолія Томаса Мангера. Ён лічыць, што гэтыя памілаванні — сігнал, што "палітыка важнейшая за ахову парадку". Ну, разумееце, яшчэ не ва ўсіх краінах ведаюць, што "часам не да законаў" — для амерыканцаў, напрыклад, гэта нешта новенькае.

За беспарадкі 6 студзеня было арыштавана або асуджана 1583 чалавекі. Больш за 600 чалавек было абвінавачана ў нападзе, супраціве або перашкодзе паліцыі. А з іх каля 175 чалавек былі абвінавачаныя ва ўжыванні зброі або нанясенні сур'ёзных траўмаў афіцэру. Так што вас не здзівіць, што многія афіцэры абураныя рашэннем аб памілаванні.

"Яны прыгнечаныя, і я іх не вінавачу", — кажа іх начальнік Томас Магнер.

Сярод капіталійскіх бунтароў, якіх памілаваў Трамп — Джэйкаб Чэнслі, самаабвешчаны шаман QAnon. Вы можаце не памятаць яго імя, але вы дакладна памятаеце гэтыя фота:

Ну, вы яго памятаеце

Штурмуючы Капітолій, Чэнслі дабраўся да залы Сената. Там незадоўга да гэтага гутарылі віцэ-прэзідэнт Майк Пэнс і экс-спікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі. Менавіта Чэнслі тады разваліўся ў крэсле спікера.

Са Штатаў напэўна будзе прыходзіць шмат дзіўных навінаў. Каб у вас выпрацаваўся імунітэт, мы раскажам пра яшчэ больш дзіўныя. Пасля іх ўказы Трампа пададуцца вам навінамі звычайнага кшталту.

 

Цвіценне "трупнай кветкі"

Аўстралійцы чакаюць, калі зацвіце ароннік гіганцкі. Гэта рэдкая расліна, якая выдзяляе настолькі агідны пах, што яго параўноўваюць са смуродам ад мокрых шкарпэтак, гарачай кацінай ежай або гніеннем цела апосума.

Ароннік гіганцкі знаходзіцца пад пагрозай знікнення і цвіце раз на некалькі гадоў. Яго пяшчотна называюць "трупнай кветкай" — таксама за пах. Цвіценне (на шчасце) доўжыцца толькі суткі.

Стварылі нават прамую трансляцыю анлайн, усе чакаюць, калі ў Каралеўскім батанічным садзе Сіднэя пусціць смурод рэдкая кветка.

Хочаце паглядзець?

Глянь, яшчэ не распусціўся?

Мужчыны падраслі

Жыць стала лепей, хварэць мы сталі менш, і навукоўцы канстатавалі: мужчыны нямала падраслі за апошнія сто гадоў! Жанчыны таксама, але ўсё ж мужчыны раслі ўдвая хутчэй.

"Мы бачым, як палавы адбор сфармаваў мужчынскае і жаночае цела, і як паляпшэнне харчавання і зніжэнне цяжару хвароб вызваліла нас ад нашых кайданоў", — кажа прафесар Люіс Хэлсі з Універсітэта Рохамптана.

Хэлсі і калегі вывучалі, як рост і вага мяняліся ў залежнасці ад умоў жыцця. Ну, вы можаце прадказаць вынікі гэтага даследавання: чым лепшымі станавіліся ўмовы жыцця, тым большымі станавіліся рост і вага чалавека.

Яшчэ навукоўцы думаюць, што сваім ростам і вагой мужчыны абавязаныя жанчынам. У сэнсе, усё больш высокімі і ўсё больш мускулістымі яны станавіліся менавіта праз тое, што жанчынам падабаліся ўсё больш высокія і ўсё больш мускулістыя мужчыны.

Зрэшты, заўважаюць аўтары даследавання, у эпоху атлусцення масіўны целасклад не абавязкова азначае мускулістасць.

 

Калі кошкі абдымаюцца

Адна кошка за суткі лётала часцей, чым многія беларусы — за год. Кошка Мітэнс мусіла ляцець разам з гаспадыняй Марго з Новай Зеландыі ў Аўстралію. І вось самалёт прызямляецца, гаспадыня Мітэнс хоча забраць кошку з грузавога адсека — а яе не аддаюць. Гадзіну не аддаюць, дзве не аддаюць, тры…

У грузавым адсеку акрамя Мітэнс ляцела яшчэ інвалідная каляска іншага пасажыра. І калі супрацоўнік авіякампаніі разгружаў адсек, ён не заўважыў за каляскай клетку з кошкай. Карацей, самалёт паляцеў назад у Зеландыю з Мітэнс на борце.

Пілоту перадалі, што на борце ляціць дадатковы пасажыр, і ён уключыў ацяпленне ў грузавым адсеку, каб кошка не замерзла.

Такім чынам, Мітэнс вярнулася ў Зеландыю, а адтуль яе перасадзілі на іншы рэйс да Аўстраліі. Нарэшце, кошка і гаспадыня сустрэліся. Відавочцы кажуць, Мітэнс кінулася да Марго і проста пачала абдымацца. Яшчэ кажуць, што гэта былі самыя доўгія абдымкі ў кацінай гісторыі.

А калі вы ўжо трохі зайздросціце гэтай кошцы, мы можам вас зразумець. Беларусы ўжо 3,5 года пазбаўленыя раскошы лётаць на самалёце куды захочацца.

Калі ў вас, як і ў многіх, праблема з адкрыццём візы, пачытайце гэты тэкст. У ім мы сабралі лайфхакі па адкрыцці візы, якія рэальна працуюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі