Каля Гродзенскага ўніверсітэта два хлопцы адкрылі страляніну з аўтамата
Надзвычайнае здарэнне адбылося каля Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, піша газета "Вечерний Гродно". На аўтастаянку каля юрыдычнага факультэта прыехалі два хлопцы, дасталі з машыны аўтамат і некалькі разоў стрэлілі ў паветра. Інцыдэнт здарыўся ў панядзелак, 6 сакавіка.
Па словах відавочцаў, хлопцы прыехалі на аўтамабілі з мінскімі нумарамі. У руках яны трымалі аўтамат, падобны да аўтамата Калашнікава. Страляніну яны ўчынілі нечакана.
Ужо праз некалькі хвілін на месца здарэння прыбылі некалькі міліцэйскіх машынаў. Хлопцаў, якія напалохалі навакольных, затрымалі.
"Быў канфіскаваны прадмет, падобны да аўтамата. Было выяўлена, што ён не з'яўляецца агнястрэльнай зброяй", — распавёў першы намеснік начальніка АУС Ленінскага раёна, начальнік крымінальнай міліцыі Аляксей Алдошын.
Паколькі ў маладых людзей была не агнястрэльная зброя, іх могуць пакараць паводле адміністрацыйнага кодэксу.