Каля Жыткавічаў пусцяць пантонны мост праз раку Прыпяць
Каля Жыткавічаў пусцяць пантонны мост праз раку Прыпяць. Ён на пэўны час заменіць зачынены аўтамабільны мост, у якім выявілі моцную прасадку. Пантонны мост абяцаюць увесці ў эксплуатацыю ўжо ў сярэдзіне дня 10 снежня. Пра гэта стала вядома падчас нарады з удзелам намесніка прэм'ер-міністра Беларусі — старшыні Камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў Анатоля Калініна, перадае БЕЛТА.
Узводзіць наплаўны мост будуць інжынерныя войскі. Мантаж пачнецца ўжо сёння. Агульная даўжыня воднай роўнядзі, якую неабходна перакрыць складае 140 м. Па гэтым мосце могуць рухацца усе віды транспарту, у тым ліку грузавыя машыны. Перавозку людзей праз раку пакуль ўзялі на сябе службы МНС. Кругласутачна два катэры перапраўляюць жыхароў Жыткавічаў, Турава і бліжэйшых вёсак на двух катэрах.
У прыватнасці, за мінулыя суткі імі было перавезена каля 700 чалавек. Легкавы транспарт і грузавыя аўтамабілі вагой да 10 т перапраўляюцца з дапамогай парома, які працуе ўнізе па цячэнні ракі і ў 5 км ад Жыткавічаў.
7 снежня на мосце праз Прыпяць, размешчаным на 17-м км рэспубліканскай аўтадарогі Р88 Жыткавічы — Давыд-Гарадок — мяжа Украіны (Верхні Церабяжоў) знайшлі вертыкальную прасадку ездавога палатна. Дзеля бяспекі карыстальнікаў дарогі рух транспарту праз мост быў цалкам забаронены.