Камітэт ААН прызнаў забарону пікетаў парушэннем правоў жыхароў Брэста
Дзеянні ўладаў гораду парушылі правы жыхароў на свабоднае выказванне меркаванняў і свабоду мірных сходаў.
Скарга ў Камітэт па правах чалавека ААН была накіраваная яшчэ ў 2009 годзе. Склалі яе грамадскія актывісты Брэста: Ірына Лаўроўская, Дзяніс Турчаняк, Валерый Фамінскі і Раман Кісляк.
Са словаў брэсцкага каардынатара "Руху "За свабоду!" Дзяніса Турчаняка, нагодай абскарджвання стала забарона некалькіх пікетаў, якія мусілі адбыцца ў студзені 2009 году на скрыжаванні вуліцаў Гогаля і Савецкай — месцы пабудовы помніка 1000-годдзя Брэста. Акурат спрэчныя пытанні, звязаныя з усталяваннем гэтага помніка, і хацелі абмеркаваць актывісты.
"Забароны на правядзенне пікетаў былі звязаныя з тым, што ў горадзе Брэсце зацверджана месца для правядзення масавых мерапрыемстваў. На той момант гэта быў стадыён "Лакаматыў", ён, у прынцыпе, і зараз такім з'яўляецца, але за гэты час дадалося яшчэ адное месца — гэта Парк Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Такім чынам створаны свайго кшталту рэзервацыі для выказвання свайго меркавання, для гутаркі з аднадумцамі. Мы лічым, што гэта няслушна і парушаю нормы міжнароднага права".
Калі актывісты вычарпалі ўсе магчымасці абскарджвання ў дзяржаўнай судовай сістэме, яны звярнуліся ў міжнародныя структуры: у канцы 2009 году актывісты падалі скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.
На думку праваабаронцы Рамана Кісляка, які таксама падаваў скаргу, прыцягненне ўвагі міжнароднай грамадскасці паспрыяе паступоваму вырашэнню праблемы з правядзеннем мірных сходаў у краіне.
"Камітэт выявіў парушэнне пакту міжнароднай дамовы. Вядома, гэта крок да таго, што рана ці позна сітуацыя зменіцца, але калі — цяжка сказаць. Такая сітуацыя не толькі ў Брэсце, а і ва ўсіх населеных пунктах Беларусі. Яны ўсталявалі такі рэжым забаронаў публічных маніфестацый, пікетаў, мітынгаў. Фактычна, гэта такая забарона на тэрыторыі ўсёй рэспублікі, толькі яна рэалізаваная праз мясцовую ўладу".
Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы "Кардыяграма".