Кантрольная палата Польшчы рэкамендавала МЗС дапрацаваць візавыя праграмы

Віза, ілюстрацыйнае фота

Віза, ілюстрацыйнае фота / immigranthouse.com

Вышэйшая кантрольная палата Польшчы прааналізавала працу МЗС краіны ў сферы выдачы візаў. На справаздачу ведамства звярнуў увагу рэсурс Reformby.org. Кантралёры ацэньвалі працу ў перыяд з 2018 да 2023 года і засталіся незадаволеныя выяўленымі фактамі. Працы МЗС далі негатыўную ацэнку.

Усяго за гэты перыяд было пададзена 6,57 мільёна заяваў на атрыманне візаў. Выдалі амаль 6,17 мільёна. Пераважна гэта былі нацыянальныя візы (4,9 мільёна), астатнія (1,26 мільёна) — шэнгенскія. Асноўнымі атрымальнікамі былі грамадзяне Украіны, Беларусі і Расіі. Беларусы атрымалі 1,64 мільёна візаў, або 26,6% ад агульнай колькасці.

Эксперты палаты таксама прааналізавалі эфектыўнасць праграмы Poland. Business Harbour, накіраванай на прыцягненне IT-спецыялістаў, у тым ліку з Беларусі. Яе дзеянне прыпынілі ў пачатку года. У справаздачы гаворыцца, што Poland. Business Harbour запусцілі без належнага юрыдычнага афармлення. Праграма не была зацверджаная Радай міністраў і "не была ўнесеная як міністэрская праграма, у яе не было нават пісьмовага варыянта". Больш за тое, ніхто з адказных чыноўнікаў у МЗС Польшчы не кантраляваў выкананне гэтай праграмы. У выніку атрыманне візы ў рамках Poland. Business Harbour "стала самым простым, хуткім і танным спосабам атрымаць магчымасць уезду на тэрыторыю Польшчы і Еўрасаюза, а роля консула ў працэсе разгляду заявы на атрыманне гэтай візы практычна звялася да яе выдачы", гаворыцца ў справаздачы. Дададзім, што ў рамках гэтай праграмы выдалі 95 545 візаў.

У выніку Вышэйшая кантрольная палата рэкамендавала МЗС узмацніць консульскую службу, удасканальваць электронную сістэму, якой карыстаюцца консульскія работнікі для выдачы візаў, а таксама фармалізаваць візавыя праграмы. Гаворка ідзе ў тым ліку пра выпрацоўку механізмаў верыфікацыі заяўленай мэты паездкі і фактычнага выкарыстання візы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі