Караеў: сказаў супрацоўнікам АМАПу рукі трымаць за спінай
Міністр унутраных спраў Юрый Караеў сцвярджае, што патрабуе ад сваіх падначаленых не затрымліваць падчас разгону несанкцыянаваных вулічных акцый "пабочных людзей". Ён мяркуе, што арганізатары пратэстаў якраз ставяць мэту, каб іх было больш.
"Сваім месцам правядзення ілжэ-пікетаў, якія ператвараюцца ў гэтыя ланцугі і нейкія іншыя рэчы, гэтыя людзі падстаўляюць тых, хто не хоча ў гэтым удзельнічаць, пад нядобрыя рэчы, — цытуе словы Караева БЕЛТА. — Гэта выклікае здзіўленне недатычных, і такім чынам тыя, хто гэта арганізоўваў, дасягаюць сваёй мэты — прыцягнуць на свой бок як быццам бы закранутых уладай або праваахоўнымі органамі".
Караеў сцвярджае, што патрабуе ад супрацоўнікаў міліцыі, каб яны "лепш "недаціснулі", чым "пераціснулі". "Каб не траплялі да нас людзі, якія не хацелі ў гэтым удзельнічаць [у ланцугах салідарнасці], — працягвае Юрый Караеў. — Рукі трымаць за спінай я гавару супрацоўнікам АМАПу".
Караеў кажа, што супраць таго, каб АМАПаўцы білі тых, каго затрымліваюць. Аднак ёсць шмат фота і відэа з апошніх затрыманняў на вуліцах Мінска, дзе байцы АМАПу зусім не трымаюць рукі за спінай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.