Кастусёў: Леаніда Мальцава можа змяніць Віктар Лукашэнка
Адзін з лідараў Партыі БНФ пракаментаваў адстаўку дзяржсакратара Савета бяспекі.
2 лістапада стала вядома, што 64-гадовы Леанід Мальцаў стаў старшынёй Дзяржаўнага памежнага камітэта. Пасаду дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі ён займаў з канца 2009 года.
Рыгор Кастусёў мяркуе, што такім чынам "вызвалілася пасада для старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі, якога завуць Віктар". Паводле слоў Кастусёва, на сённяшні дзень "усе сілавыя структуры ўзначальваюць людзі Віктара Лукашэнкі", да таго ж лаяльныя яму людзі кіруюць і шматлікімі міністэрствамі. "Таму ў выпадку прызначэння ён будзе мець вялікую падтрымку", — кажа Рыгор Кастусёў у гутарцы з Еўрарадыё.
Нагадаем, Віктар Лукашэнка (на здымку) — памочнік кіраўніка Беларусі па нацыянальнай бяспецы, ён з'яўляецца сябрам Савета бяспекі. 28 лістапада яму споўніцца 38 гадоў.
Фота з сацыяльных сетак.