Кастусёў: На выбарах-2015 цікавасць насельніцтва меншая, чым пяць гадоў таму

Кастусёў: На выбарах-2015 цікавасць насельніцтва меншая, чым пяць гадоў таму

Намеснік старшыні партыі БНФ, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Рыгор Кастусёў лічыць, што галоўным адрозненнем паміж выбарамі 2010 і 2015 гадоў з’яўляецца адсутнасць цікавасці людзей да кампаніі. Пра гэта ён распавёў ў эфіры Еўрарадыё

“Вось напярэдадні эфіраў, дэбатаў кандыдатаў, выступаў на тэлебачанні, на радыё людзі ўвесь час за некалькі хвілін да эфіру ішлі да тэлевізара. Цяпер такой цікавасці ў людзей не было і няма да гэтай пары”, — заўважае Кастусёў.

Экс-кандыдат бачыць розніцу і на этапе збору подпісаў. На яго думку, у 2015 годзе збор подпісаў быў не такім масавым, як у 2010 годзе. Этап агітацыі сёлета таксама больш млявы, чым у 2010 годзе. Сёлета кандыдаты пабылі мала ў якіх населеных пунктах, сустрэчы былі менш значныя і па колькасці, і па якасці. Цікавасці з боку насельніцтва гэтым разам меней. 

З агульных момантаў Рыгор Кастусёў адзначае, што і ў 2010 годзе, і ў 2015-м людзей масава “гналі” на датэрміновае галасаванне. І ў гэтым годзе нават больш.

Што да збору подпісаў за сваё вылучэнне, то Кастусёў адказаў наступнае:

“Зразумела, што я гэтыя подпісы сам не правяраў. Кожны зборшчык сам адказваў за якасць сваіх подпісаў. Зразумела, што кожны чалавек мог нешта “нахамутаць”. Але я шчыра кажу, што нашы зборшчыкі не мелі патрэбы збіраць залішне шмат подпісаў, бо мы не плацілі людзям грошы”, — адказаў былы кандыдат.

Нагадаем, у 2010 годзе Рыгор Кастусёў балатаваўся ў прэзідэнты. Паводле дадзеных ЦВК, ён набраў 1,97% галасоў. З апазіцыйных кандыдатаў больш за яго набралі Андрэй Саннікаў і Яраслаў Раманчук.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі