КДБ пра знікненне ўкраінца: У Беларусі могуць працаваць толькі нашы спецслужбы

КДБ пра знікненне ўкраінца: У Беларусі могуць працаваць толькі нашы спецслужбы

На сустрэчу з дзяўчынай з Расіі 19-гадовы ўкраінец Павел Грыб прыехаў з Кіева ў Гомель 24 жніўня. І знік. Па словах бацькі хлопца, сын абяцаў вярнуцца ў той жа дзень. Не з’явіўся.

Куды знік Павел Грыб? Яго бацька, афіцэр запасу Ігар Грыб упэўнены: сына выманілі на сустрэчу з дзяўчынай у суседнюю краіну супрацоўнікі ФСБ з мэтай выкрадання. Гэта стала зразумела пасля размовы з гомельскімі міліцыянерамі. Яны сказалі бацьку, што Павел знаходзіцца ў вышуку па падазрэнні ў здзяйсненні тэрарыстычнага акту па запыце ФСБ РФ па Краснадарскім краі і горадзе Сочы.

Але, ці сапраўды Павел даехаў да Гомеля, ці пераязджаў ён беларускую мяжу? У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі Еўрарадыё адмовіліся адказваць на гэтае пытанне. Маўляў, гэта канфідэнцыйная інфармацыя. Не могуць яе паведаміць нават бацьку, абураецца Ігар Грыб. Бацька знаходзіць іншую крыніцу інфармацыі.

Ігар Грыб: “Тое, што ён да Гомеля даехаў, 100%. Гэта пацвердзіў кіроўца аўтобуса, на якім сын ехаў ― кіроўца з Украіны, і ён мне гэта пацвердзіў. Па яго словах, усе людзі, якія селі ў аўтобус, і праехалі пункт пропуску, усе даехалі да Гомеля. Нікога ў пункце пропуску Новая Гута з беларускага боку не здымалі”.

Але, калі сын у “спісах ФСБ” як тэрарыст, то яго не павінны былі прапусціць беларускія памежнікі. Калі ж прапусцілі, упэўнены Ігар Грыб, то гэта азначае толькі адно: мелі адпаведны загад і супрацоўнічалі з ФСБ.

Ігар Грыб: “У адпаведнасці з тэхналогіяй памежнага кантролю, сына ў абавязковым парадку памежнікі павінны былі зняць з аўтобуса, затрымаць і перадаць сілавому ведамству. Каб потым афіцыйна перадаць таму ведамству, якое ініцыявала гэты вышук. Калі яны гэтага не зрабілі, значыць, ім далі адпаведную каманду. І тое, што яны не даюць ніякай інфармацыі наконт перасячэння сынам мяжы, гэта толькі пацвярджае”.

Цікава, што Павел Грыб не толькі не браў удзел у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны, але і ў войску не служыў ― не мог па стане здароўя. Але быў актыўным у сацыяльных сетках. Там жа ў сацсетках хлопец і пазнаёміўся з дзяўчынай з Расіі. Пасля перамаўляўся з ёй па “Скайпе” і нарэшце вырашыў пазнаёміцца асабіста.

Ігар Грыб: “Мы яго не хацелі пускаць, адгаворвалі, быў досыць сур’ёзны скандал з гэтай нагоды дома… Але ён нікога не пажадаў слухаць, і паехаў”.

Ноту з патрабаваннем вызначыць месцазнаходжанне грамадзяніна Украіны Паўла Грыба 28 жніўня накіравала пасольства Украіны ў МЗС Беларусі.

“Так, мы гэтую ноту атрымалі і будзем у кантакце з праваахоўнымі органамі Беларусі высвятляць інфармацыю, каб даць адказ нашым украінскім калегам”, ― каментуе сітуацыю кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

У КДБ версію пра выкраданне Паўла Грыба супрацоўнікамі ФСБ называюць “прыдумкамі”.

“Мы жывём у прававой дзяржаве, і ўсё тут робіцца ў межах закона. Паглядзіце ўважліва заканадаўства, якія праваахоўныя органы маюць права працаваць на тэрыторыі Беларусі ― толькі беларускія. Ужо не аднойчы ў СМІ асвятлялі такога кшталту працэдуры, калі чалавек знаходзіцца ў міжнародным ці нейкім іншым вышуку. Працэдуру ніхто не змяняў, а тыя прыдумкі, якія цяпер распаўсюджваюцца, яны і застаюцца прыдумкамі. А дзе гарантыя таго, што ён прыехаў у Беларусь? А, можа, хлопец тут сяброў новых знайшоў і загуляў недзе ― справа ж маладая. Па рознаму ў жыцці бывае, а тут адразу такія абвінавачванні”, ― заявіў ў каментарыі Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі