Кіраўнік брэсцкага "Дынама": Марадона абыйшоўся нядорага
Фактычны гаспадар брэсцкага "Дынама" Аляксандр Зайцаў даў вялікае інтэрв'ю парталу tut.by. Да нядаўняга часу пра яго практычна нічога не было вядома. Зайцаў кажа, што ён з Брэстчыны, быў "незаўважным клеркам у нетрах апарата Саўміна". А пасля заняўся бізнесам. Аляксандр Зайцаў выказаў меркаванне наконт чутак пра тое, што "Дынама" кантралююць нейкія "арабскія шэйхі". "Магчыма, справа ў тым, што я сапраўды гадоў 10 як рэзідэнт Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, — кажа ён. — У мяне там зарэгістраваны шэраг кампаній". Па словах Зайцава, бюджэт брэсцкага "Дынама" ў 2018 годзе складаў каля 5 мільёнаў долараў.
У Зайцава спыталіся, у якую суму абыйшоўся візіт у Брэст Дыега Марадоны. "Гэта камерцыйная таямніца, — кажа кіраўнік брэсцкага "Дынама". — Але паверце, нядорага. Мы не разлічвалі на яго траціць. А разлічвалі разам з ім зарабіць. Пакуль Дыега знаходзіцца ў Мексіцы, мы з яго адвакатамі стварылі юрыдычную асобу ў ААЭ, дзе дакладна прапісана яго доля ад тых даходаў, якія ён можа прынесці. Зараз вядзем перамовы аб прыцягненні пэўных спонсараў пад імя Дыега. У прыватнасці, гаворка ідзе аб рэкламе адной з крыптавалют ў Кітаі. Даволі буйны кантракт".
Зайцаў прызнаўся, што клуб і не думаў прызначаць Марадону галоўным трэнерам, паколькі бачылі відэа яго трэніровак. "Гэта суцэльная дыскатэка", — кажа Зайцаў. Хаця Дыега і хацеў трэніраваць. Але яму прапанавалі пасаду старшыні праўлення.
"З-за непрадказальнасці характару Дыега мы не ведаем, калі працягнецца і чым скончыцца наша супрацоўніцтва. Наўрад ці ў яго паўстане жаданне зімой прыехаць у Беларусь, але потым усё магчыма", — сказаў Аляксандр Зайцаў.
Дыега Марадона стаў супрацоўнічаць з брэсцкім "Дынама" ў траўні, у ліпені ён прыязджаў у Брэст. Пасля гэтага вярнуўся на радзіму. Абяцаў вярнуцца, але замест гэтага працаўладкаваўся ў Мексіцы.