Кіраўнік МЗС Літвы зноў абмеркаваў з іракскім калегам праблему мігрантаў
З мая колькасць рэйсаў з Багдаду ў Мінск падвоілася / Reuters
Крызіс на літоўска-беларускай мяжы, звязаны з вялікай плынню мігрантаў, стаў тэмай тэлефоннай размовы міністра замежных спраў Літвы Габрыэлюса Ландсбергіса з іракскім калегам Фуадам Хусэйнам. Размова адбылася напярэдадні вечарам па ініцыятыве літоўскага боку, гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце МЗС Літвы.
Больш за палову нелегальных мігрантаў, якіх сёлета затрымліваюць літоўскія памежнікі, гэта выхадцы з Ірака. 15 ліпеня Ландсбергіс лётаў у Багдад, каб абмеркаваць магчымыя шляхі вырашэння праблемы. Учора кіраўнік літоўскага МЗС зноў патэлефанаваў іракскаму калегу і выказаў "глыбокую заклапочанасць" павелічэннем колькасці авіярэйсаў з Багдаду ў Мінск.
"Я яшчэ раз паўтарыў, што ўдзел у любой магчымай злачыннай схеме Беларусі наносіць асаблівую шкоду рэпутацыі Ірака як краіны, якая заявіла аб прыхільнасці шляху дэмакратыі і міру", — заявіў Ландсбергіс. Ірацкі міністр паабяцаў высветліць у перавозчыка, з чым звязана павелічэнне рэйсаў у Мінск.
"Абодва пагадзіліся з тым, што кантрабандны маршрут Лукашэнка павінен быць ліквідаваны", — напісаў у Twitter Ландсбергіс па выніках размовы.
Just had a conversation with @Fuad_Hussein1. Expressed grave concern about the doubled capacity of Iraqi airways flights to Minsk. Both agreed that Lukashenko’s smuggling route has to be dismantled.
— Gabrielius Landsbergis (@GLandsbergis) July 22, 2021
Колькасць рэйсаў з Багдаду ў Мінск з 10 мая падвоілася. Самалёты лётаюць 4 разы ў тыдзень. Пры гэтым кошт квіткоў у Мінск пры куплі тура істотна знізіўся, адзначае ў сваім расследаванні reform.by. Масава прадаваць туры ў Беларусь іракскія турыстычныя фірмы пачалі зноў жа з мая 2021 года.
Тур каштуе ад 560$ да 950$. Выданне падкрэслівае, што не знайшло "бачных слядоў арганізацыі нелегальных міграцыйных плыняў кімсьці з Беларусі", але пры гэтым кажа пра тое, што "сітуацыя, якая створана беларускімі ўладамі і выкарыстоўваецца мігрантамі, вельмі складаная і можа прывесці да цяжкіх наступстваў".
З пачатку 2021 года літоўскія памежнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю 2.338 нелегалаў — у 29 разоў больш, чым за ўвесь 2020-ы (81). Больш за палову з затрыманых (56%) — гэта грамадзяне Ірака. У Вільні лічаць, што беларускія ўлады могуць быць датычныя да стварэння праблемы на мяжы. Аляксандр Лукашэнка ў апошнія месяцы неаднаразова заяўляў, што з-за санкцый у яго няма сродкаў на ахову мяжы, як раней. "Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — зараз будзеце самі іх ёсць і лавіць", — казаў ён, у прыватнасці, у маі ў парламенце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.